З Вольнага хору вырас новы цэнтр для беларускай культуры за мяжой


У Варшаве заснавалі ўстанову для аб’яднання культурных дзеячаў і рэалізацыі іхных праектаў. Яна мае назву «ІнБелКульт 2.0» – з адсылкаю да легендарнага Інстытуту беларускай культуры, што быў заснаваны 100 гадоў таму і ў працы якога былі задзейнічаны Сцяпан Некрашэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі ды іншыя. Зрэшты, «ІнБелКульт 2.0» пазбаўлены акадэмічнай скіраванасці і сваёй галоўнай мэтай ставіць захаванне беларускай культуры, калі яна вымушаная з’язджаць за мяжу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«ІнБелКульт 2.0» вырас з Вольнага хору. Музыканты, якія аб’ядналіся падчас пратэстаў 2020 года, летась вымушана з’ехалі з краіны. Праз год працы ў Варшаве Вольны хор адчуў, што ў стане займацца не толькі ўласным калектывам. Цяпер ён гатовы прасоўваць беларускую культуру, прадстаўнікі якой гэтаксама праз пераслед апынуліся ў Варшаве.

«Мы разумеем, што невядома, колькі яшчэ мы будзем тут заставацца, – кажа дырыжорка Вольнага хору і сузаснавальніца «ІнБелКульту 2.0» Галіна Казіміроўская. – І ёсць такі момант, што мы губляем мову, культуру, сувязь з Беларуссю. А людзі, якія апынуліся ў эміграцыі, – гэта людзі, якім гэта вельмі важна захаваць».

Установа ўжо мае некалькі праектаў. Апроч уласна Вольнага хору, гэта хор «Concordia», а таксама школа мастацтваў. У планах – моўныя курсы, беларуская бібліятэка, беларуская кавярня ды іншае. Але галоўнае – «ІнБелКульт 2.0» заяўляе сябе культурным цэнтрам, што гатовы дапамагаць беларускім ідэям, якім гэта неабходна, у рэалізацыі і прасоўванні.

«Калі вы дзеяч культуры, калі вы ў выгнанні, у вас ёсць нейкія ідэі, мы запрашаем да сябе, каб даведацца, чым мы можам дапамагчы, дзе мы можам знайсці пляцоўку, ці прастору, ці фінансаванне, – працягвае Галіна Казіміроўская. – Што мы можам прапанаваць – мы будзем прапаноўваць, толькі каб дзеяч культуры мог заставацца дзеячам культуры».

Але ці магчыма захаваць беларускую культуру за мяжою?

«Захаваць і нават крыху спрыяць развіццю – так. Можа, не ў той ступені, у якой хацелася б. Але ў кожнага з нас ёсць задумы, ёсць праекты і ідэі», – кажа чалец каманды «ІнБелКульт 2.0» Іван Касцяхін.

Беларускі дырыжор Іван Касцяхін далучыўся да «ІнБелКульту 2.0» пасля таго, як пайшоў з Вялікага тэатру. Сярод іншага ён цяпер займаецца аднаўленнем партытуры оперы «Маргер» Канстанціна Горскага – кампазітара XIX–XX стст., што паходзіў з Ліды.

«Бараніць сваю культуру, ствараць новае, уключацца ў еўрапейскі кантэкст – гэта тое, чаго цяпер бракуе беларускай культуры так званай афіцыйнай», – кажа дырыжор.

Сталай пляцоўкі «ІнБелКульт 2.0» пакуль не мае – такою пляцоўкай выступае Варшава ў цэлым, з сеткай партнёраў, з якімі будуць рэалізоўвацца беларускія праекты. Але стваральнікі не выключаюць, што ў будучыні знойдуць сабе дах са сваёй канцэртнай залай.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»