Арганізацыя Дамовы Калектыўнай Аўтакратыі: усю забаву Уладзіміру Пуціну сапсавалі Швецыя і Фінляндыя


Юбілейны саміт АДКБ – Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі – святочным не атрымаўся. Усю забаву Уладзіміру Пуціну сапсавалі Швецыя і Фінляндыя, якія цяпер канчаткова і беззваротна падаюць заяўку ў блок NATO. Усё, што застаецца ўладару Крамля – пагражаць скандынаўскім суседзям суворай рэакцыяй і прасіць Арменію і Таджыкістан памагчы арміямі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Швецыя падасць заяўку на ўступленне ў NATO – пра рашэнне шведскага парламенту ў панядзелак паведаміла прэм’ер-міністр. Фінляндыя таксама вырашылася змяніць свой пазаблокавы статус, бо 1300 кіламетраў мяжы з Расеяй у сённяшніх умовах мець занадта небяспечна без абароны саюзнікаў.

«Расея – дзяржава, што паважае толькі сілу, больш нічога. І цяпер у NATO мы будзе мець дастаткова сілаў для абароны», – кажа жыхарка фінска-расейскага памежжа Рыйта Мустанэн.

Фіны памятаюць, якім коштам ім далася незалежнасць у Зімовай вайне 1939-40 гадоў, калі Савецкі саюз атакаваў іх пад выглядам «Фінскай народнай арміі».

«Цяпер у нас вельмі кепскія стасункі з урадам Пуціна, але яны не настолькі кепскія, каб ён атакаваў нас. Я не баюся, але мне шкада», – дзеліцца эмоцыямі ветэран Зімовай Вайны Сэпа Койвупура.

Уладзімір Пуцін у Крамлі, прымаючы гасцей з АДКБ, рабіў добрую міну пры кепскай гульні – заявіў, што ўваход раней нейтральных Швецыі і Фінляндыі ў NATO не нясе непасрэднай пагрозы для Расеі, але.

«Пашырэнне вайсковай інфраструктуры на гэтую тэрыторыю, безумоўна, выкліча нашую рэакцыю, і якой яна будзе, мы будзем глядзець у залежнасці ад пагрозаў, якія там будуць стварацца. Агулам праблемы ствараюцца на голым месцы», – заявіў Пуцін на саміце АДКБ.

АДКБ – Арганізацыя дамовы калектыўнай бяспекі – была створаная 30 гадоў таму, і з тых часоў скукожылася да 6 дзяржаваў – Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Расея.

«АДКБ стваралася пры яўным дамінаванні Масквы і паводле ідэалогіі было задумана анты-NATO», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Але такой структурай АДКБ не стала.

«NATO – абараняльны саюз заходніх дэмакратыяў, калектыўнай абароны. А АДКБ сябе праявіла толькі на пачатку года ў Казахстане, для задушэння пратэстаў. На справе АДКБ ператварылася ў саюз аўтакратаў, каб у іх краінах душыць

парывы да свабоды», – падкрэслівае эксперт.

Ваенная аперацыя АДКБ у Казахстане – па сутнасці ваенная дапамога Касым-Жамарту Такаеву цалкам захапіць уладу ў клана Нурсултана Назарбаева – натхніла Пуціна і Лукашэнку атакаваць Украіну.

«Украіна ніколі з намі не будзе ваяваць. Гэтая вайна працягнецца, Валодзя, максімум 3-4 дні. Там не будзе каму супраць нас ваяваць! АДКБ што паказала: пакуль яны там разгорнуцца і перашлюць сюды якія-кольвек войскі, мы ўжо будзем стаяць ля Ла-Маншу», – пагражаў Лукашэнка Захаду ў інтэрвʼю крамлёўскаму Уладзіміру Салаўёву незадоўга да пачатку адкрытага расейскага ўварвання ва Украіну.

А сёння Лукашэнка кажа, што само існаванне арганізацыі пад пагрозай.

«Мы ўжо бачым і якасць, і колькасць нават беларускіх войскаў, якія стаяць у нас на мяжы. Яны не могуць прадстаўляць пагрозы Украіне дастаткова маштабнай. Мы бачым адчайнае нежаданне Казахстану ўдзельнічаць у гэтай авантуры. Мы разумеем стан Арменіі, якая проста фізічна не можа ўдзельнічаць у гэтай авантуры, разумеючы, што на яе ціснуць з некалькіх бакоў», – тлумачыць украінскі ваенны аналітык, палкоўнік запасу Сяргей Грабскі.

Тым не менш, Лукашэнка, як галоўны рупар Крамля, заяўляе, што ў баявых дзеяннях вінаваты сам Кіеў – нібыта ўкраінцы правакавалі расейскіх вайскоўцаў – і блок NATO, які змагаецца за захаванне сваіх пазіцыяў.

«У ход ідуць усе сродкі, у тым ліку ў зоне адказнасці нашай арганізацыі. Ад бразгання зброяй натаўскай ля нашых заходніх межаў да развязанай супраць нас, перадусім Расеі і Беларусі, поўнамаштабнай гібрыднай вайны», – прамаўляў Лукашэнка перад чальцамі арганізацыі.

Саюзнік Пуціна пагражае іншым, што вайна ва Украіне зараз перакінецца і на дзяржавы ўсіх прысутных, і «адсядзецца не атрымаецца». Але вынік саміту – сумесная заява кіраўнікоў дзяржаваў АДКБ – не ўтрымлівае ўзгадак Украіны. Затое ўтрымлівае гатовасць да супрацы з блокам NATO дзеля зніжэння напружанасці на кантыненце.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»