Касетныя бомбы па жылых кварталах Украіны


Харкаў, палова на адзінаццатую раніцы, у жылыя раёны прылятаюць ракеты, чуваць крык жанчыны. Гэта сённяшняе відэа з камеры назірання. Горад пад абстрэламі расейцаў ад пачатку адкрытай фазы вайны. Харкаў часткова заблакаваны расейскімі войскамі.

Кіраўнік адміністрацыі Харкаўскай вобласці Алег Сынегубаў пракаментаваў так:

«Шаноўныя харкаўчане, вораг ізноў тэрарызуе мірнае насельніцтва, здзяйсняе ваенныя злачынствы. Адзін з цэнтральных раёнаў Харкава трапіў пад ракетны ўдар. 18 асобаў параненыя, іх даставілі хуткай дапамогай у шпіталі. На жаль, адзін чалавек загінуў на месцы».

Напярэдадні пад такім жа абстрэлам у Харкаве загінулі сямёра асобаў, у тым ліку малое дзіця. Больш за 30 атрымалі раненні. Пасярод жылых раёнаў – часткі касетных боепрыпасаў.

Сёння адна асоба загінула, а некалькі атрымалі раненні падчас ранішняга абстрэлу ў Дарніцкім раёне Кіева. Гэтае відэа ўжо можна паказваць.

У Чарнігаўскім раёне, побач з Беларуссю, расейская авіяцыя скідвае па цывільных аб’ектах некіраваныя авіябомбы ФАБ вагою ад паўтонны да тоны.

«Я бы аддаў усё, нават сваё жыццё, толькі б гэта паклала канец вайне, і каб мае дзеці жылі нармальным жыццём», – падзяліўся жыхар Чарнігава.

Сёння раніцай расейскія самалёты Су-35 нанеслі ракетныя ўдары па Львоўскай вобласці. Знішчальнікі выляталі з аэрадрому ў Баранавічах у фактычна акупаванай Беларусі. Украінская авіяцыя знішчыла 4 крылатыя ракеты расейцаў.

Прадстаўнік генштабу ЗСУ Аляксандр Штупун мяркуе так:

«У сувязі з прысутнасцю ў Чорным моры расейскіх баявых караблёў, узброеных крылатымі ракетамі марскога базавання «Калібр», захоўваецца падвышаны ўзровень пагрозы выкарыстання акупантамі ракетнай зброі».

А так выглядае часткова захоплены расейцамі Марыупаль. На відэа, знятым у ваколіцах металургічнага камбінату імя Ільіча, шмат забітых людзей у цывільным адзенні ляжаць проста пасярод вуліцы.

Украінскія войскі рыхтуюцца да наступу расейцаў на Херсонскую вобласць. Таксама кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі не выключае наступу расейскай бранятэхнікі ў данецка-луганскім кірунку, як толькі скончацца дажджы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».