«Хрыстос уваскрос – уваскрэсне Украіна». Падрыхтоўка да Вялікадня падчас вайны


Заўтра – Вялікдзень. Паводле грыгарыянскага календара, да святкавання Уваскрашэння Хрыстовага рыхтуюцца каталікі і пратэстанты.

Сёлета асабліва значэнне перамогі жыцця над смерцю пераасэнсоўваюць ва Украіне, якая змагаецца з расейскай агрэсіяй.Вось што сказалі нашаму карэспандэнту наведнікі касцёлу ў Львове:«Вайна, і людзі настолькі маюць свае моцныя малітвы і просьбы. Нас ажно распірае».«Як гавораць ва Украіне: Хрыстос уваскрос – уваскрэсне Украіна. Асабліва цяпер гэта вельмі важна».

Традыцыйна запоўненыя лавы і ў менскім касцёле святых Сымона і Алены, вядомым як Чырвоны касцёл.Сёння цягам дня каталікі асвячалі паскі – як сімвал дабрабыту, яйкі – старажытны сімвал новага жыцця, соль – што засцерагае ежу ад псавання, ды вяндліну – як сімвал здароўя і напамін пра ягня, якое спажывалі на свята юдэі. Але святары звяртаюць увагу – сутнасць свята не ў сімвалах ці традыцыі.

«У Касцёле каталіцкім мы не святкуем чагосьці прыдуманага. Хрыстус жыў на зямлі 33 гады як чалавек, таксама займаўся абвяшчэннем добрай навіны, што Бог хоча вызвалення чалавека», – гаворыць айцец Арыюш Малыска, душпастыр беларусаў Вільні.

Вольныя, але не ў сваёй краіне. У Вільні ў касцёл святога Барталамея прыйшлі беларусы, якія не могуць святкаваць Вялікдзень дома:«Хацелася б адзначаць гэта свята ў Беларусі».

«Вялікдзень – гэта галоўнае свята для каталікоў і ўвогуле для ўсіх хрысціянаў. Калі б не было Уваскрашэння Пана – не было б і нашай веры, яна была б марнай».

«Нягледзячы на здраду, нягледзячы на ўсё зло, што ёсць у сэрцах людзей, заўжды ёсць светлы шлях, заўжды можна перамяніцца, рухацца да светлай будучыні».

Старажытная сталіца ВКЛ цяпер прыстанішча не толькі для ўцекачоў з Беларусі, але і з Украіны. У гэтым годзе беларуская фундацыя «Наш дом» арганізавала заняткі для маленькіх беларусаў і ўкраінцаў. Бацькі звяртаюць увагу – праз падрыхтоўку да Вялікадня дзеці могуць перастаць думаць пра вайну.

«Ён адцягвае сваю ўвагу ад усяго, праводзіць час сярод аднадумцаў, ён размаўляе з дзеткамі У такім цесным сямейным коле», – кажа пані Святлана, якая эвакуявалася ў Вільню з падкіеўскага Ірпяня.Уваскрашэнне Хрыстова – таксама свята вялікай надзеі. Асабліва для тых, хто яе часова губляе.«Беларусы перажываюць складаны час. Гэты час трывае ўжо доўга. Таму перадусім хочацца, віншуючы з нагоды Змёртвыхпаўстання Пана – пажадаць змёртвыхпаўстання ўсяму народу», – зазначае айцец Арыюш Малыска.

З віншаваннем напярэдадні Вялікадня да беларусаў звярнуўся і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ганаровы мітрапаліт пажадаў, каб у Беларусі і ва Украіне як мага хутчэй запанавалі мір, дух прабачэння, свабода і справядлівасць.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»