«Задаваў тэмп на маршах»: судовыя працэсы па крымінальных справах

«Задаваў тэмп на маршах» – так тлумачыў сутнасць абвінавачання, выстаўленага барабаншчыку Аляксею Санчуку тэлеканал ОНТ. 30-гадовы мянчук быў арыштаваны ў адміністратыўнай справе 4 лістапада, проста на рэпетыцыі, але пасля содняў на волю не выйшаў.

Цяпер Аляксей стаў перад судом Маскоўскага раёну Менску ў якасці абвінавачанага паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу – усе яны датычаць масавых беспарадкаў.

«Нейкіх дзеянняў супрацьпраўных ніхто не рабіў, усе былі проста незадаволеныя, што нас падманулі, у адзін дзень усіх адразу: прагаласавалі ўсе за Ціханоўскую, а напрыканцы атрымаўся Лукашэнка», – кажа сябар Аляксея Санчука Сяргей.

Аляксея Санчука ў тым ліку вінавацяць у блакаванні дарог, за што «Менсктранс» выставіў яму пазоў на суму Br 161 900 рублёў. Хаця мужчыну інкрымінуюць дзеянні ў групе асобаў, але ў судзе Аляксей за ўсё адказвае адзін – іншых асобаў не знайшлі. Хлопец прызнаў віну часткова. Свае паказанні ён будзе даваць пасля допыту сведак і вывучэння матэрыялаў справы.

«Задаюцца такія пытанні, чаму ён катаўся на ровары, чаму ён не мог пракаціцца на ровары адзін, чаму ён збіраў грошы на шашлыкі – гэта ўсё вельмі дзіўна. Самыя нашыя звычайныя паўсядзённыя дзеянні выстаўляюцца ў нейкім такім страшным свеце, што ты ўжо пачынаеш разумець, што ты таксама злачынца», – дзеліцца ўражаннямі ад суда знаёмая Аляксея Санчука Алеся.

Аляксей Санчук – індывідуальны прадпрымальнік з Менску. Удома яго чакае жонка і васьмігадовая дачка.

«Чалавеку могуць даць столькі гадоў за тое, што ён адстойвае свой пункт гледжання – гэта проста не ўкладаецца ў галаве. У нас за забойства меней даюць», – здзіўляецца сябар Аляксея Санчука Павел.

Сур’ёзнае абвінавачанне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу за ўдзел у масавых беспарадках пасля леташніх выбараў прэзідэнта Беларусі выставілі і айцішніку Аляксею Караткову. Ягоную справу разглядае Першамайскі суд Менску.

«Я не лічу яго вінаватым у крымінальнай справе. Думаю, ён хутчэй выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю, якая, можа, не ўсім падабаецца», – лічыць бацька Аляксея Мікалай Караткоў.

У зняволенні Аляксей застаецца з 27 жніўня, калі яго затрымалі паводле адміністратыўнай справы ля Чырвонага касцёлу. Пакуль Аляксей адбываў арышт, сілавікі атрымалі доступ да ягонага айфона і пачалі раскручваць крымінальную справу. Караткоў віны не прызнае. У судзе ён адмовіўся даваць тлумачэнні, маўляў, «мой дзед пад страхам смерці не супрацоўнічаў з фашыстамі… і я не буду».

«Я малю Бога, каб гэта ўсё хутчэй вырашылася, і каб усе дзеці, усе невінаватыя, хто пацярпеў праз сваю палітычную пазіцыю, каб яны былі на волі», – дзеліцца маці Аляксея Ірына Караткова.

І барабаншчыка Аляксея Санчука, і праграміста Аляксея Караткова праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Сяброўкі Аляксея Караткова таксама ўпэўнены, што ён ні ў чым не вінаваты:

«Ні ў чым я яго не лічу вінаватым: няма пацярпелых, ніякага псаванне маёмасці, і ён бы гэтага ніколі не зрабіў. Ён заўсёды за людзей», – кажа Марына.

«Лёша нічога супрацьзаконнага не зрабіў і тут застаецца беспадстаўна, ён павінен быць з намі і ў коле родных», – кажа Маргарыта.

Суд Савецкага раёну Менску працягнуў разгляд крымінальнай справы Уладзіміра Жыхара, якому інкрымінуецца захоп траўматычнага пісталета ў міліцыянта. І тут «Менсктранс» заявіў свой грамадскі пазоў: 30 тысяч рублёў за перабоі ў працы грамадскага транспарту. Пазовы да Жыхара заявілі і два амапаўцы, якія праходзяць у справе пацярпелымі. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды яны патрабуюць па 1000 рублёў кожны.

Арыштаваны на 15 содняў праваабаронца «Вясны» Аляксандр Вайцешык аб’явіў галадоўку. Гэтак ён выказаў свой пратэст супраць незаконнага затрымання і несправядлівага арышту. Вайцешыка затрымалі ў судзе Баранавіцкага раёну нібыта за спробу зрабіць здымак і абвінавацілі ў непавазе да суда.

Ірына Карніенка, «Белсат»

Глядзі таксама