У Беларускай асацыяцыі журналістаў пераабралі кіраўніцтва


Сёння ў Беларускай асацыяцыі журналістаў праходзілі выбары кіраўніцтва арганізацыі. Андрэя Бастунца адзінагалосна пераабралі старшынём БАЖу на трэці тэрмін. А адной з ягоных намесніц стала прадстаўніца тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Ірына Слаўнікава.

«Я ведаю, што жыццё БАЖу ніколі не было лёгкім, я бачу, што асабліва ў гэты перыяд будзе шмат працы», – кажа Ірына Слаўнікава.

У чарговым, адзінаццатым з’ездзе грамадскай арганізацыі ўзялі ўдзел больш за шэсцьдзесят дэлегатаў, вылучаных рэгіянальнымі філіямі БАЖ ды рэдакцыямі асобных выданняў.

Зʼезд БАЖ супаў з прыняццем у другім чытанні законапраекту аб сродках масавай інфармацыі, які значна ўскладняе, а часам і робіць немагчымай працу незалежных журналістаў. Да прыкладу, для закрыцця медыяў дастаткова будзе двух папярэджанняў Міністэрства інфармацыі, а не судовага рашэння, як раней. Тых жа, хто будзе асвятляць масавыя акцыі, плануюць прыраўняць да ўдзельнікаў гэтых акцыяў.

«Гэта памяншэнне той легальнай пляцоўкі, на якой могуць сёння працаваць журналісты, гэта абмежаванні свабоды выказванняў, якія не адпавядаюць ніякім крытэрам і нават мінімальным стандартам – якія, дарэчы, Беларусь падпісала», – адзначае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Ад папярэдняга зʼезду сітуацыя, у якой працуюць незалежныя медыі, моцна змянілася, адзначае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. І пачатак гэтым зменам паклала справа БелТА з крымінальным прысудам галоўнай рэдактарцы парталу TUT.BY Марыне Золатавай.

«Закончыліся гэтыя тры гады незвычайнай расправай над журналістыкай у Беларусі. Ніколі мы не сустракаліся з такімі рэпрэсіямі, ніколі не было такой колькасці затрыманых, такой колькасці крымінальных справаў. У нас ніколі не было агнястрэльных раненняў журналістаў», – пералічвае Барыс Гарэцкі.

Дванаццаць журналістаў сёння застаюцца за кратамі. Нашыя каляжанкі Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева ў няволі ўжо 151 дзень. 23-га красавіка ў Менскім гарадскім судзе будзе разглядацца скарга на вырак Фрунзенскага суда, які пакараў журналістак двума гадамі калоніі кожную за асвятленне акцыі памяці Рамана Бандарэнкі.

«Нельга сказаць, каб мы мелі вялікія ілюзіі, вялікія спадзевы на гэтае паседжанне Менгарсуда, але ў любым выпадку гэта важны этап, дзе мы мусім прадэманстраваць, што гэты вырак цалкам незаконны, беспадстаўны і абсурдны», – кажа муж Кацярыны Андрэевай, журналіст Ігар Ільяш.

Асабліва ўзмацніўся ціск на медыі пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў. За гэты час улады анулявалі акрэдытацыі ўсіх журналістаў замежных СМІ ў Беларусі, закрылі папяровыя версіі шэрагу рэгіянальных медыяў, адмовілі ў друку «Народнай волі» і «Камсамольскай праўдзе», пазбавілі распаўсюду беларускамоўныя часопісы «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!». З панядзелка спынілі трансляцыю інфармацыйнага тэлеканалу «Еўраньюз».

Але нягледзячы на ўсе спробы ўладаў заціснуць крыніцы інфармацыі беларусы не адчуваюць яе нястачы:

  • «Дзяржаўныя каналы я не гляджу, бо там глядзець няма чаго».
  • «Наша Ніва», «Тут.бай», «Белсат».
  • «Тут.бай», «Баста», «Чай з малінавым варэннем», ну, а астатнія я ўжо не буду называць».
  • «Reform.by вроде, есть такой ресурс».
  • «Белсат», «Тут.бай», «Беларусь галаўнога мозга», яшчэ шмат якіх».
  • «Тэлеканалаў практычна няма ўжо. «Наша Ніва», «Тут.бай».
  • «Белсат» гляджу пастаянна», – такія медыі чытаюць і глядзяць апытаныя намі жыхары Менску.

Попыт на незалежную інфармацыю рэзка вырас пасля прэзідэнцкіх выбараў, адзначае кіраўніцтва БАЖ, бо незалежныя медыі паказваюць праўду. А выжываюць яны ў многім дзякуючы сваёй аўдыторыі. Чытачы не толькі змяняюць свае аватаркі ў сацсетках на знак салідарнасці з журналістамі, не толькі перадаюць перадачы і сустракаюць пасля арыштаў, але і дапамагаюць збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»