Падаткавая незалежнасць на продаж


У Менск з афіцыйным візітам прыбыў Міхаіл Мішусцін. Расейскі прэм’ер-міністр прывёз план абʼяднання расейскай і беларускай падатковых сістэмаў ды паабяцаў, што ніякага паглынання не будзе. Ягоны ж беларускі калега Раман Галоўчанка заявіў, што ўжо фармальна гатовы інтэграцыйны пакет прапановаў, толькі трэба дамовіцца па пэўных эканамічных пытаннях.

Міхаіл Мішусцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што прыехаў інтэграваць сістэмы падатковай і мытнай службы на карысць Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка падкрэсліў, што расейскі прэмʼер сам выпакутаваў гэтую сістэму і прывёз яе беларусам бясплатна.

«Гэта адна з праблем. Гэта ключавое слова… І Расеі, і Беларусі заўсёды было нялёгка. Але тым не менш час нас падштурхоўвае да таго, каб вырашаць тыя праблемы, якія ў нас існуюць», – казаў Лукашэнка, прымаючы Мішусціна ў сваім палацы.

Гаворка ідзе, хутчэй за ўсё, пра абʼяднанне сістэмы збору і адміністравання падаткаў, мяркуе Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка даследчага цэнтру BEROC. На перамовах у 2019 годзе ўрад Беларусі, які ўзначальваў Сяргей Румас, быў супраць. І не толькі з-за грашовых выдаткаў.

«Пэўная пагроза з пункту гледжання інфармацыйнай бяспекі. Незразумела, які доступ будуць мець да беларускай інфармацыі расейскія ўлады. І, калі Расея вырашыць нас адключыць ад гэтай сістэмы, мы застанемся без адміністравання падатковай сістэмы», – нагадвае Кацярына Барнукова.

Калі казаць пра ўніфікацыю прынцыпаў абкладання падаткамі, ёсць небяспека і для ільготнікаў кшталту Парку высокіх тэхналогіяў, і агулам для беларускіх прадпрыемстваў.

«Напрыклад, адрозніваюцца ў нас рэжымы спрошчанага падаткаабкладання. Таму, як тут будуць вырашацца пытанні, як будуць улічаныя інтарэсы Беларусі і беларускага прыватнага сектару, няясна», – непакоіцца экспертка.

Пераход на адзіную сістэму падаткаў і збораў – саступка ў незалежнасці і стрэл у нагу беларускай гаспадарцы. Бо нашая падатковая сістэма не горшая за суседскую, перакананы Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

«Падатковая сістэма адаптаваная пад патрэбы эканомікі краіны, і пад структуру эканомікі. Беларуская эканоміка вельмі моцна адрозніваецца ад расейскай эканомікі. Уніфікацыя падатковага заканадаўства значна абмяжоўвае магчымасць эканамічнага рэгулявання для Беларусі, і фактычна аднімае з рук беларускага ўраду такі моцны фінансавы рэгулятар, як падаткі», – тлумачыць палітолаг.

Іншымі словамі, калі падатковыя ільготы і абмежаванні будзе вызначаць Крэмль, то ў інтарэсах сваіх бізнесаў.

Тэма эканамічнай інтэграцыі цяпер у прыярытэце – заявіў на сустрэчы з Мішусціным Раман Галоўчанка. Але беларускі прэмʼер-міністр мяркуе, што без адзіных умоваў гаспадарання для эканамічных абʼектаў пакуль не абысціся.

«Расея выкарыстоўвае паўзучую, гібрыдную інтэграцыю або анэксію Беларусі, спрабуючы калі не цалкам забраць беларускі суверэнітэт, то па кавалках. І падатковы суверэнітэт, эканамічны суверэнітэт – гэта тое, што Расея можа зрабіць зараз», – тлумачыць Андрэй Ягораў.

Аляксандру Лукашэнку ўсё цяжэй утрымліваць рычагі ўлады ва ўмовах і палітычнага крызісу, і эканамічнага запавольвання, кажа эксперт. А каманда Пуціна прапаноўвае адзіныя ўмовы гаспадарання і расейскія кошты на газ і нафту. У абмен на гэтыя самыя рычагі кіравання.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»