Крымчане склалі чацвёртую частку ўсіх палітвязняў Расеі, прызнаных «Мемарыялам» з 2014 года


«Ніякага статусу, акрамя, як акупаванага Расеяй у Крыму няма!» Гэткую заяву сёння зрабіў прэсавы-сакратар МЗС Украіны. Тым часам у самым Крыме адзначаецца сёмая гадавіна далучэння да Расеі.

Спадарыня Любоў – жонка Алега Прыходзькі, каваля з вёскі Арэхава Сакскага раёну. Мужчына вывесіў украінскі сцяг над сваім домам пасля анексіі Крыму. А ў кастрычніку 2019-га да яго з ператрусам прыйшлі з ФСБ. Прыходзьку абвінавацілі ў рыхтаванні тэракту каля консульства Расеі ў Львове. Сілавікі нібыта сканфіскавалі ў яго выбухоўку, тэлефон і флэшку. У якасці доказаў сканфіскавалі і ўкраінскую атрыбутыку.

«Што датычыць тэлефонаў, якія фігуруюць у справе, – абароне ўдалося высветліць шляхам працяглай перапіскі з тэлефоннымі кампаніямі, што гэтыя тэлефоны былі набытыя ў адным салоне мабільнай сувязі за некалькі дзён да следчых захадаў», – кажа праваабаронца Лутфіе Зудзіева з «Крымская салідарнасць»

Але гэта крымчаніну не дапамагло: у Растове-на-Доне мужчыну прысудзілі 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і штраф паўтары тысячы долараў.

«Калі на апошнім слове ён звярнуўся да суддзі, ён сказаў: «Вы бачыце, што адбываецца? Ці вы не хочаце бачыць? Што я не вінаваты». Суддзя з такім апушчаным поглядам і выйшаў. Хутчэй за ўсё, ён разумее гэта», – дадае Любоў Прыходзька, жонка Алега Прыходзькі.

Расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» даўно сочыць за справаю Прыходзькі і рыхтуе дакументы для ўнясення яго ў спіс палітычных вязняў. Тым часам ягоная сям’я не здаецца і рыхтуе апеляцыю.

«Алег Прыходзька быў рэальна чалавекам, які раздражняе расейскую ўладу, не выпадковая ахвяра, а чалавек, які выказваў сваё меркаванне, публічную палітычную пазіцыю. За гэта зазнаваў пераслед і ўрэшце, як мы мяркуем, праз сфабрыкаваныя доказы быў асуджаны на 5 гадоў», – кажа Сяргей Давідзіс праваабаронца, «Мемарыял».

Справу Прыходзькі параўноўваюць са справамі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова і былога палітзняволенага Уладзіміра Балуха, якога на анексаванай паўвыспе таксама асудзілі за незаконнае захоўванне боепрыпасаў. Выйсці на волю ў верасні 2019 года яны здолелі ў выніку дамоўленасцяў пра абмен вязнямі на міжнародным узроўні.

«Калі вызвалялі Сянцова і дзясяткі іншых зняволеных з расейскіх турмаў, відавочна, што вялікую ролю адыграў прэзідэнт Францыі. І вось гэтыя дамоўленасці не вельмі празрыстыя, няма заканадаўчага рэгулявання гэтых дамоўленасцяў, бо такога панятку, як «палітвязень», ні ў адным заканадаўстве няма», – кажа Антон Навумлюк рэдактар выдання «Грати».

З 2017-га года да цяперашняга часу праваабаронцы зафіксавалі больш за дзве тысячы выпадкаў парушэння права на справядлівы суд у Крыме. З прызнаных «Мемарыялам» палітычных вязняў у Расеі з 2014 года чацвертая частка – крымчане.

«Гэта, вядома, не суадносны з насельніцтвам Крыму ў суадносінах да Расеі. Узровень палітычных рэпрэсіяў у Крыме вышэйшы, чым у Расеі», – кажа Сяргей Давідзіс праваабаронца, «Мемарыял».

Паводле крымскіх праваабаронцаў, спецслужбы пільна сочаць за ўсімі актывістамі, а таксама тымі, хто супраць прыходу расейскіх уладаў на паўвостраў.

Валерыя Кірычова, Кірыл Смяглікаў, «Белсат»