Ва Украіне адзначылі Дзень еднасці, а чакалі расейскай інтэрвенцыі


Ва Украіне адзначаюць Дзень еднасці. Украінскі прэзідэнт увёў яго на фоне пагрозы буйнамаштабнай расейскай інтэрвенцыі. Паводле шэрагу крыніцаў на Захадзе, уварванне мелася адбыцца сёння. На шчасце, не адбылося. Расея заявіла пра адвод войскаў з акупаванага Крыму, а беларускае МЗС пацвердзіла, што расейцы пакінуць Беларусь адразу пасля вучэнняў. Аднак ні НАТО, ні Кіеў не бачаць рэальнай дээскалацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Двухсотметровы жоўта-блакітны сцяг на спартовым комплексе «Алімпійскі» у Кіеве. Ва Украіне адзначаюць Дзень еднасці.

«Гэта мой абавязак грамадзянскі – быць тут у Дзень еднасці. Патрыятычны парыў», – падкрэсліў удзельнік флэш-мобу.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі спявае гімн пад узняцце дзяржаўнага сцяга. Свята ўведзенае ягоным указам, каб паказаць: украінцы хочуць жыць у міры.

«Мы ў сябе ўдома, мы ва Украіне, і ніхто наш дом не будзе любіць так, як любім мы. І ніхто, толькі мы разам можам абараніць свой дом. З Днём яднання, жоўта-блакітныя», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

Свята прызначанае на 16-га лютага невыпадкова. Менавіта на гэты дзень заходнія выведкі прагназавалі маштабнае расейскае ўварванне ва Украіну.

«Увесь гэты сцэнар нагнятання з магчымай расейскай інтэрвенцыяй не атрымаў ніякай кульмінацыі, і ўлады вырашылі задаць нейкую кульмінацыю з украінскага боку ды стварылі такі парадак дня – парадак еднасці», – мяркуе палітолаг Алег Саакян.

Пакуль па ўсёй Украіне лунаюць сцягі ды гучыць гімн, Крэмль дэманструе кадры з тэхнікай, якая едзе праз Крымскі мост у бок Расеі. Напярэдадні расейскае Міністэрства абароны заявіла аб адводзе войскаў з акупаванага паўвострава на месца сталай дыслакацыі.

На Захадзе навіну ўспрынялі з асцярожным аптымізмам. Колькасць расейскіх войскаў ля ўкраінскіх межаў па-ранейшаму складае больш за 100 тысячаў чалавек і працягвае расці, канстатуе генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг: «Я думаю, што самае галоўнае цяпер – уважліва сачыць за тым, што робіць Расея, і мы сапраўды заклікаем іх рабіць тое, што яны кажуць. А менавіта – дээскалацыю, вывад сілаў. І гэта будзе іх найлепшым унёскам у зніжэнне напружанасці ды перадухіленне любога канфлікту».

Такі ж асцярожны аптымізм і ў аналітыкаў ва Украіне.

«Мы можам казаць, што небяспека мінула, толькі пасля таго, як канцэнтравання войскаў на межах з Украінаю не будзе ні на расейскім, ні на беларускім кірунку. Пакуль што ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну можа адбыцца ў любы дзень», – перакананы палітычны аглядальнік з Кіеву Віталь Портнікаў.

Каб сустрэць няпрошаных гасцей, украінцы купляюць зброю. «Так, усё рыхтуюцца. Калі вораг на нашу зямлю прыйдзе, прыйдзецца абараняць», – запэўнівае жыхар Кіеву.

Аднак у Вашынгтоне разлічваюць на дыпламатычныя шляхі ўрэгулявання канфлікту вакол Украіны. Пра гэта напярэдадні падчас тэлефоннай размовы дамовіліся Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн.

«Мы не нацэлены на народ Расеі. Мы не імкнемся дэстабілізаваць Расею. Для грамадзянаў Расеі мы не ворагі. І я не веру, што вы хочаце крывавай, разбуральнай вайны супраць Украіны, краіны і народу, з якім вас звязваюць такія глыбокія сямейныя, гістарычныя і культурныя сувязі», – адзначыў прэзідэнт ЗША.

Сёння МЗС Расеі нарэшце патлумачыў прычыны найбуйнейшых з часу халоднай вайны вучэнняў ля ўкраінскіх межаў: гэта масавыя пастаўкі заходняй зброі ва Украіну.

Антон Каменскі, «Белсат»