Сілавікі будуць кантраляваць віртуальныя грошы беларусаў


Віртуальныя грошы беларусаў цяпер будуць кантралявацца сілавікамі. На Нацыянальным прававым партале апублікавалі ўказ аб стварэнні рэестру віртуальных гаманцоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Грошы не пахнуць – вядомая ісціна. Асабліва, калі грошы электронныя. Але не для існага рэжыму. Так званыя ўлады Беларусі збіраюцца стварыць рэестр крыптагаманцоў, якія, цытата, «выкарыстоўваліся для супрацьпраўнай дзейнасці».

«Гэтым указам дзяржава спрабуе рэгуляваць зварот крыптавалюты. У прыватнасці – атрыманне грошай з дапамогаю крыптавалюты і аплаты тых ці іншых паслуг», – кажа эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

У першую чаргу ў рэестр трапяць гаманцы, што, быццам бы, выкарыстоўваліся для фінансавання тэрарыстычнай або экстрэмісцкай дзейнасці. Такой, напрыклад, рэжым Лукашэнкі лічыць дапамогу з аплатаю штрафаў ці пакрыццё шкоды ў межах крымінальнага ці адміністратыўнага працэсу.

«Мы робім гэтыя пераводы абсалютна бяспечным чынам. Гэта ўключае ў сябе ўсё што заўгодна, але не беларускую банкаўскую сістэму. То бок ніякія спробы рэгуляваць крыптагаманцы не паўплываюць на нашую праграму», – мяркуе прадстаўнік ініцыятывы «BY_HELP» Аляксей Лявончык.

На навіну бурна адрэагавалі чытачы «Белсату». Рэакцыя іх была неадназначнай: ад відавочна сатырычнай да занепакоенай:

«Ёсць спецыялісты? Хто тут можа растлумачыць наколькі ўсё гэта магчыма?»

«Адціснуць усе гаманцы, і віртуальныя. Прававы партал».

«А хіба крыпта створана не дзеля таго, каб быць ананімнай? Ні-чо-га не разумею».

Паводле ўказу, рэзідэнты Парку высокіх тэхналогіяў, што працуюць з крыптавалютамі, будуць адмаўляць уладальнікам гаманцоў у здзяйсненні аперацыяў. Інфармацыя будзе паступаць да аператараў рэестру ад сілавых ведамстваў – КДБ, МУС, Генпракуратуры ды іншых. Аднак, на думку нашага эксперта, тое, што тэарэтычна выглядае як магчымае, насамрэч не мае шанцу для рэалізацыі.

«Відавочна, дзяржава не разумее, як гэта працуе. Па сутнасці, дзяржава спрабуе перапісаць усе кроплі ў моры, усе пясчынкі ў пяску. Бо для таго, каб стварыць крыптагаманец, патрэбна ўсяго пару хвілін і ў цябе есць новы ўліковы запіс. Значыць, нават калі паспрабаваць унесці ў рэестр усе крыптагаманцы, якія рознымі спосабамі перадаюць фінансаваю дапамагу беларусам, гэта абсалютна бессэнсоўная справа», – дадае Мікалай Кванталіяні.

Дакумент набудзе моц праз тры месяцы пасля публікацыі. А таму самы час зазірнуць у свае віртуальныя гаманцы і паклапаціцца пра іх бяспеку.

Наста Печанькова, «Белсат»