Працяг судзілішча над Кацярынай Андрэевай ды Дар'яй Чульцовай


Далейшыя санкцыі будуць прынятыя адзінагалосна – заявіў прэсавы сакратар Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў Пэтэр Сана. У Еўразвязе сённяшнія ператрусы ў прыватных кватэрах ды месцах працы недзяржаўных журналістаў ды журналісцкіх арганізацыяў назвалі поўным парушэннем свабодаў і правоў чалавека. Пільна сочыць прадстаўнік Еўрапейскага Звязу і за судом над журналісткамі «Белсату».

На адкрытае паседжанне над Кацярынай Андрэевай і Дар‘яй Чульцовай акурат дэмакратычных журналістаў не пусцілі. Прычым, як паведаміла прадстаўніца «Белсату» ў Беларусі Ірына Слаўнікава, марнымі сталіся і загадзя складзеныя заяўкі.

«На суд, мы бачым, трапілі толькі два дзяржканалы – СТВ і ОНТ. Нікога з незалежных СМІ нават па заяўках не пусцілі ў залу паседжання».

«Дзяржаўнікаў» папярэдне ўнеслі ва ўзгоднены спіс. Трапіць у суд удалося і не ўсім ахвотным грамадзянам, хаця зала была запоўненая напалову.

Нашых калегаў затрымалі летась, 15-га лістапада, у адной з кватэраў дому на Смаргоўскім тракце беларускае сталіцы. Дзяўчыны вялі рэпартаж з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі, разагнаць якую прыехалі сілавікі.

Журналісткі прайшлі праз жахлівыя ўмовы ўтрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, пакараныя спачатку сямю соднямі адміністратыўнага арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пратэсце. Пазней была распачатая і крымінальная справа. Вінаватымі сябе Кацярына і Дарʼя не прызналі. Апошняя з дзеўчын адмовілася даваць паказанні ўвогуле. Муж Кацярыны Андрэевай, таксама журналіст Ігар Ільяш, які прысутнічаў на працэсе, так і не зразумеў некаторыя моманты паводзінаў суддзі ды пракурора.

«Асабліва, я б сказаў, такі абсурд складаўся з таго, што ў час гэтага фрагменту стрыму распавядалася ў тым ліку пра забойства Бандарэнкі, але гэта абсалютна аніяк не цікавіла ні суддзю, ні прадстаўніцу пракуратуры, іх цікавіла, што мірных пратэстоўцаў Кацярына аднойчы назвала «смелымі».

Усё відэа трансляцыі ў судзе глядзець не сталі, затое суддзя Наталля Бугук надзяліла ўвагу пераліку таго, што вынялі падчас ператрусу ў кватэры, дзе жывуць Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева, прычым часткова – па-за прысутнасцю гаспадароў. А таксама фактам прыватнага ліставання сужэнства. Спадар Ільяш вярнуўся да таго, што абурыла яшчэ да першага паседжання суду.

«Хачу звярнуць увагу асабліва, што гэтыя фрагменты перапіскі і гэтае інтэрвʼю – гэта ўсё тое, што выкарыстоўвалася ў матэрыяле Азаронка, гэта той прапагандысцкі матэрыял, дзе ён нахабна абвінавачвае Кацю ў каардынацыі пратэстаў, то бок, відавочна, што спецслужбы здзейснілі чарговае злачынства, прынамсі розгалас таямніцы следства».

Пракурор Аліна Касьянава налічыла 10 цытатаў, якія могуць тым ці іншым чынам быць расцэненыя як заклік да закалотаў альбо кіраванне людзьмі. Былі заслуханыя тэлефонныя званкі на нумар «102» грамадзянаў, якім замінала ўсё, што адбывалася 15-га лістапада ў гэтым раёне. А прадстаўнік «Менсктрансу» абвесціў, што ўсе фінансавыя прэтэнзіі да працы дзяўчат, праз што, паводле гэтай арганізацыі, была нанесеная шкода прадпрыемству больш як на 18 тысячаў рублёў, скампенсаваныя сваякамі Кацярыны і Дар’і. На думку Ігара Ільяша, матэрыялы справы вывучаныя, але спрэчкі пакуль не адбыліся. Суд узяў паўзу да 10.15 17-га лютага.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»