Асуджаны за беларускасць


Ажно да 22 лютага – святкуем тыдзень роднай мовы, абвешчаны беларускай акадэміяй навук. Беларуская мова і культура разам з яе шанавальнікамі аднак у розныя часы праходзілі праз выпрабаванні.

Сем гадоў лагеру за савецкім часам прысудзілі Браніславу Ржэўскаму, выкладчыку Гарадзенскага педагагічнага інстытуту. Яго затрымалі 16 лютага 1957 года, абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і выслалі ў Мардовію.

Прыяцель Браніслава Ржэўскага, вядомы прафесар беларускай філалогіі Аляксей Пяткевіч узгадвае:

«Да яго падышлі на лекцыю двое ў цывільным, пачакалі, калі будзе перапынак, каля дзвярэй. Потым прадставіліся і павялі яго, ён ужо дадому не вярнуўся».

Ржэўскі выкладаў беларускую літаратуру ў Гарадзенскім педінстытуце і гуртаваў вакол сябе беларускіх студэнтаў. Арыштавалі яго паводле артыкулу «Нацыяналізм». Кіраўніцтва БССР узяло курс на русіфікацыю, Ржэўскі ж быў аматарам роднае мовы і культуры, чым зацікаўліваў моладзь.

Дачка Ржэўскага Генрыета Салаўёва калісьці ўва сваіх успамінах пра сустрэчы бацькі са студэнтамі зазначала:

«Яны яму распавядалі, як зачыняюцца школы, як нішчыцца ўсё беларускае. Яму гэта было вельмі балюча, у сувязі з тым, што ён выпускаў студэнтаў беларускай мовы і літаратуры».

У жніўні 1956 года ў Ташкенце на міжрэспубліканскай канферэнцыі кіраўніцтва СССР адзначыла, што расейская мова сталася «другою роднаю мовай» для ўсіх народаў Саюзу, і чым хутчэй яны адмовяцца ад нацыянальных моваў, тым хутчэй будзе пабудаваны камунізм.

Браніслаў Ржэўскі на той момант быў інспектарам у справе адукацыі, ён пачаў актыўна пісаць лісты ў Вярхоўны Савет БССР з патрабаваннем захаваць моваю навучання ў вясковых школах беларускую.

З лагеру дамоў удалося вярнуцца толькі праз 4 гады. Лісты з просьбамі вызваліць Ржэўскага кіраўніцтву БССР пісалі беларускія інтэлігенты і паплечнікі з партызанскага руху.

«Былі створаныя невыносныя варункі, зразумела, ён не мог ужо ўладкавацца ў вышэйшую школу працаваць. Большасць выкладчыкаў педагагічнага інстытуту Горадні тады ад яго адвярнуліся, баяліся кантактаў. Вядома, за хатаю, Браніслава Ржэўскага пільнавалі кадэбісты, і людзі разумелі, што ад гэтых кантактаў залежыць іхная будучыня і прасоўванне па кар’ернай лесвіцы» – рэзюмуе журналіст і біёграф Браніслава Ржэўскага – Віктар Парфёненка.

Практыка палітычнага пераследу выкладчыкаў і навукоўцаў мае месца і ў сучаснай Беларусі. Так, у 2013 годзе прайшла чыстка Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэту. Пасля выхаду кнігі «Гродназнаўства», што не спадабалася ўладам, з універсітэту звольнілі аднаго з галоўных аўтараў – Андрэя Чарнякевіча. Затым у 2013 годзе працу страцілі яшчэ каля двух дзясяткаў педагогаў гуманітарных спецыяльнасцяў. З пачаткам жнівеньскіх пратэстаў летась такія звальненні набылі масавы характар па ўсёй краіне.

«Рэпрэсіўная машына, якая працуе з канца лета 2020 года, закранула і ўніверсітэт, у тым ліку гуманітарную сферу. Варта згадаць звальненні з Акадэміі навук навукоўцаў, даследчыкаў вядомых. Гэта і Шаланда, і Мікола Волкаў, Радаман. І яшчэ можна згадаць акцыю салідарнасці з боку супрацоўнікаў Акадэміі навук, якія, каб паказаць, што яны не згодныя са звальненнямі, самі напісалі заявы, што яны сыходзяць» – распавядае пра пераслед навукоўцаў кандыдат гістарычных навук Таццяна Касатая-Герасюк.

Паводле апошніх звестак Грамадскага Балонскага камітэту, за паўгода пасля выбараў прэзідэнта ў Беларусі прынамсі 9 рэктараў універсітэтаў і акадэміяў страцілі свае пасады, больш за сотню беларускіх навукоўцаў і выкладчыкаў спазналі пераслед у выглядзе вымоваў, звальненняў і адміністратыўных арыштаў.

Мікола Дзямідаў, «Белсат»