Аперацыя «Ператрус» у прынамсі 40 кватэрах і офісах


Больш за 40 ператрусаў правялі ў офісах і кватэрах праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных актывістаў па ўсёй краіне. Як патлумачылі сілавікі, адбываецца гэта ў межах крымінальнай справы. Канфіскоўвалі тэхніку, тэлефоны, дакументы, кнігі, банкаўскія карты, калі знаходзілі, то і наяўныя грошы. Не абышлося без затрыманняў.

7-ая раніцы. Грукат у акно. За шклом – сіні мікрааўтобус… Ператрус у доме журналісткі «Белсату» у Гомлі сёння правялі працаўнікі АМАП і ГУБАЗіК, які змагаецца з арганізаванаю злачыннасцю. Ларыса Шчыракова распавяла:

«У выніку забралі 2 беларускія банкаўскія карткі, відэакамеру, дзве фотакамеры, усе накапляльнікі інфармацыі, якія знайшлі, то бок сд-карты, флэшкі».

Забралі таксама нататнікі, плакаты з надпісамі «Я несумленны журналіст» і «Свабоду Судаленку», бел-чырвона-белую атрыбутыку і кубік для мікрафона «Белсату». У гэты ж час сілавікі грукалі ў дзверы беларусаў-іншадумцаў па ўсёй краіне.

«А 7 раніцы да нас прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі МУС 7 чалавек ці 8, калі я не памыляюся. Адзін з іх быў са зброяй. Спачатку паклалі на падлогу дзяўчыну тварам да сцяны, потым сказалі ёй падымацца і нічога не баяцца. Я спытаў «па якой прычыне ператрус?» Тады яны паказалі паперку, у якой нешта было напісана пра карупцыю», – кажа Арсень, сын Андрэя Бастунца.

Да кіраўніка БАЖ іншая група работнікаў прыйшла на адрас, дзе ён жыве з жонкаю Сабінаю Брыло. Там ператрусу не чынілі…

«Яны пачакалі пакуль Андрэй збярэцца. Ён збіраў заплечнік. Яны спыталі: «Навошта вам заплечнік, мы ж проста на ператрус едзем»», – распавяла спадарыня Сабіна.

Андрэй Бастунец не выключаў, што яму спатрэбіцца турэмны «тормозок». Бо ператрусы за апошнія паўгода часцяком заканчваюцца то затрыманнямі на 72 гадзіны, то арыштамі – у сярэднім да 15-ці содняў пасля 15-ціхвіліннага суда. Альбо на месяцы, калі гэта крымінальныя справы. Ператрус у выніку правялі ў офісе БАЖ.

«Прайшоў ператрус, дзверы апячатваюць», – каментуе спадар Бастунец дзеянні «супрацоўніка».

На пытанне пра артыкул, паводле якога праводзілі дзеянні, на пальцах паказвае 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пазбаўленне волі да 2 гадоў.

Гэта адзін з шасці топавых крымінальных артыкулаў, паводле якіх распачатыя справы супраць амаль дзвюх тысяч беларусаў, нязгодных з вынікамі праведзеных у жніўні выбараў і хваляю рэпрэсіяў супраць апазіцыі.

Крымінальная справа дазваляе праводзіць ператрусы так часта, як спатрэбіцца.

«Я папярэджаны аб адказнасці за дачу паказанняў. Але вы можаце сабе лёгка ўявіць, што цяпер шукаюць у офісах і кватэрах актывістаў», – сказаў кіраўнік БАЖ медыям пасля ператрусу.

Шукаюць інфармацыю і сімволіку. Агулам па Беларусі сёння адбыліся больш за чатыры дзясяткі ператрусаў у сябраў БАЖ, праваабарончага цэнтру «Вясна» і незалежнага прафсаюзу РЭП. У Менску, Віцебску, Гомлі, Мазыры, Берасці, Рэчыцы, Магілёве…

Праваабаронца Барыс Бухель з Магілёва пасля затрымання сказаў «Белсату»:

«Гэта звязана з палітычнай сітуацыяй у краіне. З маёй праваабарончай дзейнасцю. Ім вельмі гэта не да спадобы. Улічваючы, што і маіх калегаў затрымалі».

Аперацыю санкцыянавала Генеральная пракуратура – рапартаваў Следчы камітэт:

«В рамках предварительного расследования с целью установления обстоятельств финансирования протестной деятельности следствием инициировано проведение обысков в организациях, позиционирующих себя как правозащитные. (…) Окончательная правовая оценка ситуации будет дана после проведения всего комплекса процессуальных действий».

Дзяржава ў асобе Аляксандра Лукашэнкі давала абяцанне да лета разабрацца з прэтэнзіямі ўсіх, цытую, «протестунов», і нястомна вядзе гэтую працу. Усе, хто ў гушчы пратэстаў, праз абавязкі прафесіі або згодна з грамадзянскаю пазіцыяй, ведаюць, што ў дзверы могуць пастукаць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»