150 тысяч беларусаў патрабуюць увесці ў краіне каранцін


Столькі подпісаў сабрала петыцыя на старонцы «Change.org». Апытаныя ж намі мінакі на вуліцах кажуць, што ў выпадку каранціну таксама ёсць рызыка памерці – ад голаду.

У выходны дзень у сталічных гандлёвых цэнтрах людзей небагата: пустыя калідоры, у крамах наведнікаў таксама няма. Рэдкія наведнікі запэўніваюць, што не баяцца вірусу.

«Дома сядзець таксама не варыянт. Там можна заразіцца ад сваіх бацькоў, якія таксама ходзяць на працу. І ты можаш заразіцца на працы. Калі прытрымлівацца захадаў бяспекі, то не бачу ў гэтым нічога страшнага. Антысептыкі, мыць рукі як мага часцей», – кажа наведніца гандлёвага цэнтру «Galleria Minsk» Лізавета.

У Беларусі пераважная большасць публічных прастораў працуе ў звычайным рэжыме. Але амаль 150 тысяч чалавек падпісаліся пад петыцыяй, якая патрабуе неадкладна ўвесці каранцін у Беларусі.

Сярод апытаных намі сталічных мінакоў меркаванні падзяліліся:

«Навошта? Тады памрэм з голаду, а не ад віруса».

«Пытанне складанае. Толькі Богу вядома, што трэба рабіць».

«Гэта быў бы разумны сродак, каб спыніць распаўсюд хваробы».

«Я думаю, пакуль не трэба, бо гэта будзе вельмі дорага».

Беларусы занепакоеныя не толькі адсутнасцю каранціну, але і рэакцыяй міжнародных арганізацыяў. Жыхарка Віцебску Таня Аліпчыкава пяць дзён таму запусціла петыцыю, якая заклікае Сусветную арганізацыю здароўя звярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі. За пару дзён ейны зварот набраў амаль 50 тысяч подпісаў.

«Мы ўсё чыталі і чакалі, не ведаю, чаго мы чакалі. Што штосьці зменіцца, але нічога не мянялася, сітуацыя не паляпшалася. Улады не пачыналі прымаць захады, якія, на мой погляд, мусілі рабіць. І мы вырашылі пісаць», – распавядае Таня.

Актывісты «Моладзевага блоку» вырашылі, што найлепшая зброя супраць каронавірусу – інфармаванне. Гэтак вырашылі. Яны надрукавалі 13 тысяч улётак, у якіх тлумачацца захады бяспекі пры COVID-19. А цяпер распаўсюджваюць іх у людных месцах Менску. Грошы на друк лістовак яны сабралі праз краудфандынг.

«Людзі часта не ведаюць, як правільна рабіць самыя простыя прафілактычныя захады супраць каронавіруснай інфекцыі. Тое, што важна не столькі маска, колькі часцей мыць рукі і меней выходзіць з хаты. І што гэта сапраўды іх можа ўратаваць», – распавядае актывіст «Моладзевага блоку» Валер Тамілін.

Вакцыны ці лекаў ад каронавіруснай інфекцыі пакуль што не існуе. Сярод асноўных рэкамендацыяў медыкаў – не наведваць публічных месцаў, часта мыць рукі з мылам, выкарыстоўваць антысептыкі ды прыкрываць рот пры чханні ці кашалі.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»