15 сакавіка – пратэсты недармаедаў па ўсёй краіне


Пасля нечаканай актыўнасці насельніцтва меншых гарадоў, пратэст вяртаецца ў сталіцу. Заўтра ў Дзень Канстытуцыі беларусы пройдуць шэсцем паводле ўзгодненага ўладамі маршруту – то бок да плошчы Бангалор. Заблакаваць удзел спрабуюць і проста студэнтам ды рабочым, а медыям – перакрыць магчымасці для трансляцыі маршаў. Акрамя Менску, мітынгі пройдуць у іншых абласных цэнтрах краіны.

Мінулым разам сталіца пратэставала17-га лютага

Заўтрашняе шэсце пачнецца ад Акадэміі навук. Хоць акцыю дазволілі, яе заяўнікаў у Менскім гарвыканкаме папярэдзілі.

«Сказалі каб налева-направа не хадзілі, па праезнай частцы не хадзілі, дарогу перакрываць яны не збіраюцца, хаця мы на гэтым настойвалі» – зазначыў Дзмітрый Кучук з партыі «Зялёныя».

Пратэсты адбудуцца таксама ў Магілёве, Горадні і Віцебску

Перашкодзіць пратэставаць спрабуюць у навучальных установах.

У сацыяльныя сеткі трапіў спіс студэнтаў гарадзенскага электратэхнічнага каледжу, якіх змусілі пісьмова паабяцаць не браць удзелу ў акцыях. Хоць пратэсту ў Гомлі не заяўлена, і там студэнтам пагражаюць адлічэннем за ўдзел у мітынгах.

«Прыходзіла куратарка нашай групы, распавядала, што ім прыйшоў указ зверху, каб у дні мітынгаў акцыя пратэсту з групай збірацца і хадзіць па нейкіх мерапрыемствах», – распавёў у каментары «Белсату» студэнт універсітэту імя.Ф.Скарыны.

У менскім політэхнічным каледжы заняткі перанесеныя з раніцы на час пратэсту, студэнтаў прымусілі падпісаць паперы пра няўдзел у акцыі, двух навучэнцаў – Мікалая Логвінава і Мікіту Краснакуцкага – міліцыянты затрымалі ў часе іспыту за тое, што яны раздавалі ўлёткі пра заўтрашні пратэст. Тым жа, хто на акцыю пойдзе, у выпадку затрымання праваабаронцы раяць ведаць свае правы.

«У судзе вы маеце права прадстаўляць свае доказы, патрабаваць адваката, знаёміцца з матэрʼяламі справы, вельмі важна, каб вы перапісалі сведкаў-міліцыянтаў, хто будзе сведчыць супраць вас і любымі сродкамі спрабавалі паведаміць, скажам, на волю, дзе вы знаходзіцеся», – праінфармаваў праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

Абараніцца можна і ў інтэрнэце

Тым жа, хто збіраецца сачыць за акцыямі ў інтэрнэце і хоча пазбегнуць блакавання сайтаў, раяць адмыслоўцы ў інтэрнэт-тэхналогіях.

«Есць такая опцыя «Прыватнае акно» – яно дазваляе блакіроўку абыходзіць, альбо праз ананімайзеры, якія можна ў інтэрнэце знайсці і імі скарыстацца. Другі варыянт – яны могуць адключыць доступ да інтэрнэту ўсёй рэспубліцы Беларусь – тады супраць лому няма прыёму», – мяркуе Марш Бэрнштэйн, адмысловец у інтэрнэт-тэхналогіях.

Не выключаюць і таго, што з праблемамі сутыкнуцца журналісты, якія будуць ажыццяўляць відэатрансляцыю з акцыяў.

«Белсат» зробіць усё, каб данесці інфармацыю да гледачоў

«У эфіры, як і на старонцы belsat.eu вы можаце пабачыць наўпроставыя ўключэнні з акцыі, што адбудуцца заўтра. Будуць яны ў Менску, Горадні і Магілёве», – дзеліцца Вольга Швед, кіраўніца старонкі belsat.eu.

Заўтрашняе шэсце ў Менску пройдзе без Міколы Статкевіча – ён дэкларуе, што ачоліць пратэст 25-га сакавіка, ды без Анатоля Лябедзькі і Паўла Севярынца, якія за кратамі. Шмат хто з актывістаў не выключае далейшых затрыманняў.

Марына Вашкевіч, «Белсат»