Пятнаццаць гадоў таму пры таямнічых абставінах загінуў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды моладзевага руху «Зубр» Андрэй Зайцаў. Як і штогод, ушанаваць памяць актывіста на Рандоўскія могілкі ў Гомлі прыйшлі ягоныя сябры ды паплечнікі.
«Было бачна, што чалавек перажывае за дэмакратыю, гатовы працаваць на тое, каб у Беларусі адбыліся пераўтварэнні», – узгадвае актывіст Васіль Палякоў.
Удзел маладзёна ў прэзідэнцкай кампаніі 2001-га года стаўся прычынаю ціску з боку спецслужбаў. Першая сустрэча са службоўцам адбылася нечакана.
«Ён казаў, што яго выклікалі ў ваенкамат, зачынілі на ключ дзверы. У гэты час чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ пачаў на яго ціснуць. Ён сказаў: калі не будзе ў цябе праблемаў, будуць праблемы ў тваёй маці і брата. Ён вельмі за гэта перажываў», – узгадвае грамадскі актывіст Андрэй Толчын.
Гэта было далёка не ўсё. Са словаў Андрэя, супрацоўнік, які назваўся Алесем Еўсцігнеевым, пагражаў яму турмою.
Ён стаў мне пагражаць: «Ты вось займаўся перадвыбарнаю кампаніяй, звязаны з «зубрамі». Я ў адказ: «А што тут такога?». Ён – мне: «На табе ж вісіць крымінальная справа!» Кажу: «Калі вісіць, я за гэта сам адказваць буду». Ён: «Я табе прапаную: альбо ты будзеш супрацоўнічаць з намі, і я табе дапамагу, каб ты не сеў, альбо ты сядзеш за краты, і табе там будзе яшчэ горш».
Андрэя Зайцава пачалі шантажаваць крымінальнаю справаю за нібыта блізкія стасункі з няпоўнагадоваю дзяўчынаю. Паводле прысуду, актывіст мусіў адбыць тры месяцы ў зняволенні. Тэлефонную размову з прыніжэннямі і пагрозамі Андрэй паспеў запісаць на дыктафон.
«КДБ схапілі за руку ў той момант. Рэальным аказаўся і Алесь і пэйджар, з якога ішлі паведамленні. «У апошні дзень жыцця ён не быў замкнёны ў сабе. Ён быў вельмі радасным чалавекам. У яго была магчымасць не трапіць у турму», – мяркуе Андрэй Толчын.
Са словаў паплечнікаў, Андрэй Зайцаў збіраўся зʼехаць за мяжу, а нават меў набытыя квіткі. Таму смерць актывіста выклікае пытанне: самагубства ці забойства?
У гомельскім КДБ заявілі, што супрацоўнік з прозвішчам Еўсцігнееў у ведамстве не працуе. Завесці Крымінальную справу па факце гібелі маладзёна пракуратура адмовілася. Усе доказы ў выглядзе гуказапісаў размовы з інтэрнэту зніклі.
Ян Бабіцкі, «Белсат»