Аб'ектыў 17.01.2019 15 чалавек судзяць за карупцыю ў Міністэрстве лясной гаспадаркі


Чарговыя выпадкі злоўжывання выяўленыя ў дзяржаўнай сістэме. Сёння суд распачаў разгляд справы аб карупцыі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі. На лаве падсудных – 15 чалавек, у тым ліку былыя чыноўнікі ведамства.

Міністэрства лясной гаспадаркі не губляе лідарства ў карупцыі сярод ведамстваў. У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся чарговы працэс лясных карупцыянераў. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Асабліва павялічыліся магчымасці для карупцыі пасля таго, як Лукашэнка ў 2016 годзе ўвёў сваім указам забарону на экспарт круглай лясной драўніны, мала апрацаванай драўніны. Гэта зроблена для таго, каб зрабіць сыравіну для айчыннай дрэваапрацоўкі больш таннай».

Следства выявіла, што падсудныя, у тым ліку службовыя асобы Міністэрства лясной гаспадаркі, здолелі абысці забарону. Яны прадавалі высакаякасныя піламатэрыялы пад выглядам нізкагатунковай сыравіны – фактычна дроваў – за мяжу, пераважна ў краіны Балтыі. З дапамогаю злачыннай схемы ўдалося прадаць 36 тысяч кубоў сыравіны за год. Анатоль Лябедзька, «Еўрапейскі дыялог»:

«Там, дзе ёсць чыноўнік, дзе ёсць бюджэтныя грошы, дзе ёсць закупы, тэндары і дзе няма парламенцкага кантролю, дзе няма рэальнай свабоды СМІ, дзе няма грамадзянскага кантролю – там заўсёды была, ёсць і будзе карупцыя».

Кантраляваць лясную гаспадарку мусіць новы міністр, які прыйшоў на замену Міхаілу Амельяновічу. У лютым Лукашэнка звольніў кіраўніка ведамства, бо той недастаткова актыўна змагаўся з карупцыяй. Прызначаны на пасаду Віталь Дрожжа паабяцаў разабрацца з карупцыяй ды ўвесці электронны ўлік нарыхтаванай драўніны. Аднак і гэта не дапамагло. Чаму пасля гучных карупцыйных справаў чыноўнікі працягваюць браць хабары і не спыняюць злачынных дзеянняў, разважаюць жыхары Віцебску:

«Колькі абяцалі за гэта канкрэтных людзей пасадзіць, адхіліць ад пасады? Так, адхіляюць, і яны ідуць на павышэнне».

«Карупцыянераў саджаюць, а праз паўгода іх выпускаюць, мілуюць. Таму я думаю, што ніхто не адчувае нейкай паслядоўнасці, сур’ёзнага пакарання».

Нягледзячы на шырокі розгалас, ёсць сумненні, ці пакараюць абвінавачаных, якія сёння паўсталі пад судом – кажа наш суразмоўца. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Мы можам таксама падазраваць, што не ўсе тыя, хто былі адказныя за гэта, апынуліся на лаве падсудных. Цалкам верагодна, што гэта зноў стрэлкі, якіх, магчыма, і адпусцяць потым».

І цалкам верагодна, што такі сцэнар не знеахвоціць чыноўнікаў парушаць закон, а наадварот.

Ганна Мордань, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары