15 абітурыентаў двойчы атрымалі па 100 балаў за ЦТ


Працягваецца ўступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Сёння абітурыенты атрымоўваюць вынікі цэнтралізаванага тэставання – сертыфікаты. А з заўтра дакументы можна падаваць ва ўніверсітэты.

Сёлета цэнтральнае тэставанне для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы планавалі прайсці 65 тысяч абітурыентаў. Найвышэйшага, трыста балаў, выніку не набраў ніхто. На максімальныя 100 балаў тэставанне напісалі 338 разоў, у тым ліку 78 асобаў – па беларускай мове. Горш здалі дакладныя прадметы: па матэматыцы максімальны бал набралі 30 чалавек, па фізіцы – тры.

«Казаць пра тое, што ўзровень знізіўся, магчыма. Гэта вынік таго, што ў нашыя педагагічныя ўніверсітэты паступаюць людзі не з самым высокім балам. Адпаведна, ідзе ланцуговая рэакцыя, ідзе паніжэнне ведаў і ў вучняў», – мяркуе старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім.

У Беларусі тэставанне ўвялі 15 гадоў таму. Як адзначае адмыслоўца, скарыстаўшыся досведам замежных універсітэтаў і для барацьбы з карупцыяй. Аднак напачатку сёлетняй уступнай кампаніі дзейны кіраўнік краіны даручыў міністру адукацыі прапрацаваць пытанне вяртання вусных іспытаў.

«Нічога ўніверсальнага насамрэч няма. І нават калі мы адкінем тэставанне і вернемся да вусных экзаменаў, гэта таксама не гарантуе таго, што стопрацэнтова ў нас усё будзе выдатна. Мне падаецца, што вось такая сістэма сябе ўжо зарэкамендавала, зарэкамендавала са станоўчага боку», – адзначае Алена Анісім.

Мы запыталі ў мінакоў на вуліцах Менску, ці лічаць яны патрэбным вяртаць старую сістэму экзаменавання.

«Тэставанне было складаным, але такім чынам ты разумееш: камусьці пашанцуе, а камусьці не. Напрыклад, мне ў першы год не пашанцавала. Гэта як выпрабаванне такое».

«Я думаю, не, бо, як мне падаецца, калі асабіста размаўляюць, то будзе да кагосьці сімпатыя, а да кагосьці – не. А калі здаюцца тэсты, то глядзяць на веды».

«Выступлю дакладна за вусны экзамен, але ці толькі за вусны іспыт, ці тэставанне і вусны. Ёсць прафесіі, рамяство, дзе так званыя soft skills патрэбныя, і трэба мець уяўленне пра асобу».

На думку Алены Анісім, для абʼектыўнай ацэнкі ведаў пры паступленні павінна існаваць варыятыўная сістэма экзаменавання, і прыярытэт у яе выбары мусіць заставацца за навучальнымі ўстановамі. Звязана гэта з асаблівасцямі некаторых спецыяльнасцяў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»