Весткі ад палітвязняў – ціск не спыняецца


Дар’я Лосік і Марына Адамовіч атрымалі спатканні са сваймі сужэнцамі, пакаранымі ўчора вялізнымі тэрмінамі зняволення ў так званай «справе Ціханоўскага».

«Ён сказаў, што ніводнага майго паста, ніводнай экспертызы, якая даказвала б вінаватасць па двух асабліва цяжкіх артыкулах не было прад’яўлена. Плюс да ўсяго сёння на спатканні ён сказаў, што сваё прозвішча за ўвесь час працэсу ён пачуў толькі адзін раз», – кажа Дар’я, жонка палітвязня Ігара Лосіка.

Шасцярых блогераў і ўдзельнікаў перадвыбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай асудзілі сумарна на 94 гады турмы. Суд прызнаў іх вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і перашкодзе працы Цэнтрвыбаркаму. Родныя плануюць падаваць апеляцыі.

Абскардзіць прысуд плануе і пракуратура, маўляў, Сяргей Ціханоўскі атрымаў занадта мяккае пакаранне. Пракурор Гомельскай вобласці Дзяніс Мікушаў патрабаваў для Ціханоўскага максімальнага пакарання – 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

У Менску ж памёр трэнер па бодзібілдынгу Антон Качанаў. Паводле сваякоў, год таму ён трапіў у кому, бо быў збіты падчас канфлікту на палітычнай глебе. Пасля траўмы Антон праходзіў доўгі перыяд рэабілітацыі, у яго былі праблемы з глытаннем ежы. Медыкі з хуткай дапамогі не змаглі зрабіць яму трахеатамію.

«Палітычная сітуацыя ў краіне прывяла да таго, што хтосьці з так званых патрыётаў вырашыў разруліць пытанне не словамі, а ўдарамі. А другое пытанне, што дапамога, якая магла быць аказаная Антону падчас гэтай крытычнай сітуацыі – а ён падавіўся ежай, фактычна гэта можа адбыцца з кожным з нас, – яна не была аказаная адэкватна», – лічыць кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Палітвязень Мікола Дзядок зазнае ўсё большы ціск ад адміністрацыі Магілёўскай калоніі. Яму адмаўляюць у медычнай дапамозе ды караюць за парушэнні, якіх ён не здзяйсняў. Бацька Міколы мяркуе, што палітвязню пагражае карцар.

«Пачынаючы з 22 лістапада, калі яго перавялі з СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску ў Магілёў, на яго ўжо склалі 4 рапарты. Наколькі я ведаю абстаноўку і з ягоных словаў, гэта незвычайныя абставіны, што сведчаць пра павялічаную ўвагу да яго з боку прадстаўнікоў адміністрацыі», – кажа бацька палітвязня Аляксандр Дзядок.

Наперадзе – новыя палітычныя працэсы. У суд перадалі справу блогера, журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна, палітвязню выставілі абвінавачванне ў арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Завяршылася папярэдняе следства ў справе грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі, якую разам з Раманам Пратасевічам затрымалі ў траўні. Адвакаты дзяўчыны пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. Паслязаўтра прагучыць прысуд блогеру Эдуарду Пальчысу. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 10 фігурантаў крымінальных справаў. Яны затрыманыя ці пакараныя пераважна па абвінавачаннях у абразе Лукашэнкі ды прадстаўнікоў улады. Агулам лік палітзняволеных у Беларусі цяпер складае 929 асобаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»