Вайсковы камісарыят Берасцейскай вобласці абвесціў тэндары на друк мабілізацыйных позваў


Адпаведная інфармацыя з’явілася на партале дзяржзакупак. Згодна з адною замоваю, прапануецца надрукаваць 180 тысяч персанальных мабілізацыйных позваў, згодна з другою – 50 тысячаў мабілізацыйных бланкаў. Тэрмін выканання – канец гэтага года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае сувязь тэндараў з магчымаю мабілізацыяй. Цытата: «Працэдура праводзіцца ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам на падставе раней зацверджаных планаў. Ніякага павелічэння абʼёму купленай прадукцыі ў гэтым годзе ў параўнанні з мінулымі перыядамі няма».

Аднак Беларусь у трывожным чаканні. Пра пачатак схаванай мабілізацыі ў кастрычніку пісала «Наша Ніва». А ў лістападзе прыцягнутыя на зборы жыхары Гомельскай вобласці расказалі «Флагштоку» пра масавыя вучэнні, нібыта прызначаныя на канец года.

Магчыма, таму пра тэндар на друк мабілізацыйных позваў выказаўся нават Генеральны штаб ЗСУ:

«Паводле наяўнай інфармацыі, вайсковы камісарыят Берасцейскай вобласці абвесціў тэндар на друк бланкаў прадпісанняў мабілізаваных у колькасці пяцьдзясят тысяч асобнікаў з тэрмінам выканання замовы да трыццаць першага снежня гэтага года».

Пакуль жа Украіна рыхтуецца абараняцца ад наступу з поўначы – працягваецца ўзвядзенне плоту на мяжы з Беларуссю.

У нас жа тэндары на друк мабілізацыйных позваў праводзіліся і раней. Але цяпер любая такая навіна ўспрымаецца праз прызму вайны ва Украіне і магчымай мабілізацыі ў Беларусі, мяркуе аналітык Вадзім Мажэйка:

«Вялікай канспіралогіі ў друку позваў я не бачу, бо дзяржаўныя органы ўвесь час друкуюць нейкія бланкі, робяць тэндары. І калі мы атрымаем нейкую даведку, напрыклад, у паліклініцы, там таксама будзе напісана, што яна надрукавана на замову Мінздароўя нумар такі-та. Можа, нейкая даведка пра здароўе ў колькасці 300 тысяч асобнікаў, але гэта не значыць, што 300 тысяч людзей заўтра захварэюць».

Заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба пакуль не бачыць перспектываў для наступу войскаў з боку Беларусі. Магчыма, сітуацыя зменіцца ў выпадку марознай зімы.

«Паміж Беларуссю і Украінай балоты, рэчачак маленькіх багата, каб там наступаць. Па шашы яны зараз ужо не пойдуць, бо там, па-першае, замініравана, па-другое, усё прыстраляна для ўкраінскай артылерыі», – кажа Сяргей Бульба. – То бок яны стануць лёгкай здабычай. Таму ім, каб наступаць шырокім фронтам, трэба дачакацца, пакуль усё замерзне грунтоўна, каб можна было расцягнуць лінію фронту».

Але варта ўважліва сачыць за рэальнымі перамяшчэннямі войскаў і тэхнікі на мяжы, упэўнены аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

«Пакуль мы бачым, што па дадзеных украінскай выведкі расейскіх салдат прыбыло ў Беларусь у тры разы меней, чым заяўляла беларускае Мінабароны», – упэўнены Вадзім Мажэйка. – Пра нейкае прыбыццё танкаў у Беларусь – расейскіх танкаў – увогуле не паведамлялася. Нейкія снарады ўвогуле вывозяць з Беларусі ў Расею. Вось гэта рэальныя перамяшчэнні, якія паказваюць, што не настолькі сітуацыя ў гэтым сэнсе ў Беларусі напружаная».

Лукашэнкаўскія ж сілавікі ўскладаюць надзеі на звольненых у запас вайскоўцаў унутраных войскаў. Намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Сяргей Грабеннікаў назваў іх надзейным рэзервам і паабяцаў паклікаць іх у выпадку цяжкасцяў. Якіх менавіта, праўда, не ўдакладніў.

Ян Федаровіч, «Белсат»