Год ад затрымання Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай


15 содняў арышту для нашай каляжанкі Ірыны Слаўнікавай. Аналагічны вырак – для яе мужа. За кратамі тым часам застаецца і вядомы філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, які вёў на «Белсаце» праграму «Размова Мацкевіча». І роўна год знаходзяцца за кратамі нашыя каляжанкі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева – толькі за тое, што выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Храналогія таго дня – у матэрыяле Валеры Руселіка.

«Вітаю гледачоў «Белсату». Мы знаходзімся на плошчы Перамен у Менску, дзе папросту цяпер сабраліся гэтыя сотні людзей ля мемарыялу загінуламу 31-гадоваму Раману Бандарэнку», – гучыць голас Кацярыны Андрэевай.

Гэтак пачынаўся той самы стрым 15 лістапада летась з акцыі памяці забітага лукашыстамі менчука Рамана Бандарэнкі. З месца падзеяў працавалі нашыя калегі – журналістка Кацярына Андрэева і аператарка Дар’я Чульцова. Сувязь паміж Менскам і Варшавай, адкуль «Белсат» вёў жывы эфір, увесь час перарывалася. Рэдактар стрыму Юрась Высоцкі згадвае, што ад глушылак у той дзень у беларускай сталіцы нават стацыянарны інтэрнэт ледзьве дыхаў. А таму, каб не абцяжарваць трафіку, рэдактар камунікаваў з Кацяй і Дашай праз тэлефон.

«Мы размаўлялі толькі па працы. То бок мы не абмяркоўвалі ані пачуццяў, ані што там з вамі адбываецца, ані які ў вас стан – нічога такога не было. То бок вельмі працоўныя былі моманты: выходзім у эфір, што ў вас з сувяззю, што адбываецца? То бок я не аналізаваў псіхічнага стану дзяўчат. Але Каця мне ў нашай апошняй размове сказала, што гэта самая трэшовая праца, якую ты мне падкінуў!» – згадвае Юрась Высоцкі.

Напачатку Каця і Даша працавалі проста на плошчы Пераменаў, аднак пазней перамясціліся ў кватэру аднаго з найбліжэйшых дамоў, каб працягнуць трансляцыю. Пры гэтым нашыя надзвычай смелыя каляжанкі захоўвалі спакой нават тады, калі сілавікі высачылі іх ды пачалі свяціць у іхны бок ліхтарамі, а потым каля вокнаў пачалі кружляць дроны.

«Трывожныя звесткі паступаюць з плошчы Пераменаў. Ёсць паведамленні, што сілавікі шукаюць журналістаў, якія вялі трансляцыі, на 16–17-х паверхах, высокіх паверхах. Там таксама ў людзей спрабуюць выбіць дзверы», – гаварыў у часе таго стрыму вядоўца Віталь Бабін.

І ўвесь гэты час Каця і Даша працягвалі працаваць.

«Мы хваляваліся, можа, і больш за іх. Бо мы, седзячы ў гэтым бяспечным месцы, у студыі ў Варшаве, анічым не маглі ім дапамагчы. І гэта было хіба што самае страшнае, што можна перажыць у жывым эфіры, калі ты адчуваеш, што ламаюць дзверы і тваіх людзей, сябровак, каляжанак затрымліваюць, а ты анічым не можаш ім дапамагчы», – згадвае Аліна Коўшык, якая 15 лістапада летась таксама вяла жывы стрым з варшаўскай студыі «Белсату».

Непасрэдна перад затрыманнем, калі спецназаўцы ўжо ламалі дзверы, Каця і Даша трымаліся за рукі. Пра гэта пазней – ужо ў турме – Каця распавяла свайму мужу Ігару Ільяшу. У часе ж стрыму Ігар, як і ўсе мы, анічога пра лёс дзяўчат не ведаў: сувязь з імі адсутнічала.

«Цяпер з ёй няма сувязі. Наколькі я ведаю, яна паспела з’ехаць з плошчы Пераменаў. Але потым на сувязь не выходзіла: магчыма, у яе папросту разладаваўся тэлефон, а магчыма, яе маглі і затрымаць», – казаў у жывым эфіры таго стрыму муж Кацярыны Андрэевай і журналіст Ігар Ільяш.

Ужо ў міліцэйскім пастарунку, куды даставілі журналістак, Каці зрабілася блага, яна адчула рэзкі боль у галаве, яе ванітавала, а затым яна і наагул страціла прытомнасць. У лякарні, куды журналістку даставілі з канвоем, ёй прапісалі пасцельны рэжым з абавязковым візітам да неўролага. Аднак замест гэтага лукашысты завезлі Кацярыну назад у пастарунак, а потым – у ізалятар.

У адной камеры з Дашай Чульцовай была таксама затрыманая на плошчы Пераменаў актывістка «Краіны для жыцця» і сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Вольга Паўлава. Пазней Вольга неаднаразова перасякалася ў зняволенні то з Кацяй, то з Дашай і прыгадвае, што дзяўчаты трымаліся вельмі цвёрда і больш пераймаліся адна за адну, чым за сябе.

«Яны вельмі цешыліся, што паспелі зняць усё да канца. Вось такія сапраўдныя журналісткі – свой абавязак яны выканалі! Што яны паспелі, што вось толькі-толькі яны завяршылі стрым – і толькі потым іх узялі!» – згадвае Вольга Паўлава.

Першы вырак за працу на стрыме з плошчы Пераменаў для Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай быў 7 содняў арышту. Паводле яго, на волю нашыя каляжанкі меліся выйсці яшчэ 22 лістапада летась.

Валера Руселік, «Белсат»