Еўрапейскія палітыкі ня могуць спыніць плынь мігрантаў


На мяжы зноў неспакойна. Некалькі тысяч мігрантаў пакінулі стыхійны лагер і перамясціліся на памежны пераход «Брузгі – Кузніца». Польшча рыхтуецца да новага сілавога прарыву, але заяўляе, што не прапусціць мігрантаў. А еўрапейскія палітыкі ў замяшанні ад новага вітка міграцыйнага крызісу.

Лагер, у якім мігранты жылі тыдзень з моманту першай сілавой спробы прарыву мяжы, апусцеў. Цяпер каля трох з паловаю тысяч асобаў разбілі новы лагер і рыхтуюцца начаваць на памежным пераходзе «Брузгі – Кузніца». Варшава чакае новай спробы прарыву.

«Мы разлічваем, што будзе спроба сілавога фарсіравання мяжы. На гэты момант туды накіраваныя ўсе нашыя сілы, якія мы маглі туды накіраваць, – гэта памежнікі, нам дапамагаюць салдаты і паліцыя», – заявіла прэс-сакратар Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

Яшчэ ўчора, здавалася, канфлікт набліжаўся да разрадкі. Сёння еўрапейскія палітыкі паціскаюць плячыма.

– Вы не выключаеце рызыкі ўзброенай эскалацыі?

– Пакуль што мы пра гэта не казалі. Пакуль што, – заявіў прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і бяспецы Жузэп Бурэль.

На пытанне, ці ёсць такая рызыка, Бурэль паціснуў плячыма.

«ЕЗ не пайшоў на абвастрэнне і сёння прыняў кампраміснае рашэнне – толькі пашырыў рамкі для санкцыяў, а санкцыі адклаў на некаторы час. Здавалася, рухаецца да кампрамісу. Але тое, што адбываецца сёння на мяжы, сведчыць аб тым, што кампраміс пакуль не бачны. Наадварот, ідзе абвастрэнне», – упэўнены палітолаг Валер Карбалевіч.

Мінулаю ноччу польскія памежнікі зафіксавалі чарговую спробу прарыву на іншым участку мяжы. А польскае Міністэрства абароны напярэдадні апублікавала відэа са стрэламі на беларускім баку. Сёння польскія памежнікі заклікалі беларускіх калегаў задумацца і дазволіць мігрантам вярнуцца дадому.

Улады Іраку заявілі, што 18 лістапада пачнуць рэпатрыяцыю сваіх грамадзянаў, якія захраслі на мяжы. Пра гатовасць вярнуць так званых турыстаў на радзіму заяўляе і Лукашэнка.

«Мы ўсё робім для таго, каб гэты лагер не існаваў, каб ахвотныя трапілі ў Еўразвяз, а хто не жадае – мы гатовыя пасадзіць усіх у самалёты, у тым ліку «Белавіі», якія адвязуць іх назад дадому. 031 Але гэта людзі ўпартыя, ніхто вяртацца не хоча», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль жа польская паліцыя паведамляе, што беларускія сілавікі сочаць, каб мігранты на памежным пераходзе не маглі прайсці ўглыб Беларусі.

Антон Каменскі, «Белсат»