Беларусь: судовы канвеер і новыя затрыманні


Сёння ў беларускі судах пачалі разглядаць адразу некалькі гучных спраў над палітзняволенымі.

У Менску пачалі судзіць анархістаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча. Яны ўжо больш за год за кратамі. Іх вінавацяць у тэрарызме, быццам бы яны здзейснілі напады на аўтастаянку пракуратуры, будынкі ДАІ і Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў. Хлопцы віны не прызнаюць. Сваякі хлопцаў кажуць, што тыя не губляюць аптымізму і рашучасці.

Сведкі кажуць, што Дзмітрый Разановіч у судзе звярнуўся да канваіраў, якія перешкаджалі хлопцам камунікаваць:

«Каго вы пралохаеце? Вы што не ведаеце, што нам няма чаго губляць, акрамя сваіх кайданоў? Прад вамі чатыры перакананых рэвалюцыянеры».

Пачаўся суд і над маці пяцёх няпоўнагадовых дзяцей Вольгай Залатар, якую ўтрымліваюць пад вартай ужо восем месяцаў. Вольгу вінаваць паводле двух артыкулаў: стварэнне экстрэмісцкага фармавання і арганізацыя масавых закалотаў. Ёй пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Так званая суддзя Алена Ананіч пакарала чатырма гадамі турмы 21-гадовага студэнта медуніверсітэту Уладзіслава Марціновіча, які быў адміністратарам тэлеграм-каналу медыкаў «Белые халаты».

А ў судзе Берасцейскага раёну Кацярына Рамашка вынесла чарговыя прысуды ў так званай карагоднай справе, гэтым разам адразу пятнаццаці берасцейцам. Іх усіх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Выракі – ад хатняй «хіміі» да паўтара года калоніі.

Агучылі новыя прысуды па «карагодная справе»:

  • Ганна Баран – 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму;
  • Аляксандр Вялічка, Вераніка Клімовіч, Вольга Гачынская, Святлана Якімовіч, Кацярына Ганчарова – 2 гады «хатняй хіміі»;
  • Уладзімір Ганчароў – 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму;
  • Сяргей Ярошкін, Павел Краўчук – 2,5 года «хіміі»;
  • Валянціна Корсак – 2,5 гады «хатняй хіміі»;
  • Сяргей Лапко, Цімур Ломпік, Аляксей Якімовіч – 2 гады «хіміі»;
  • Аляксандр і Таццяна Паўлючыкі – 1 год «хатняй хіміі».

А Следчы камітэт адрапартаваў аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы супраць Эдуарда Пальчыса і перадачы яе ў суд. Блогера вінавацяць паводле чатырох артыкулаў:

  • арт. 130 «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожасці паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў»;
  • арт. 293 «Арганізацыя масавых беспарадкаў»;
  • арт. 342 «Арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»;
  • арт. 361 «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Сёння ж зноў судзілі журналістку Ірыну Слаўнікаву і ейнага мужа Аляксандра Лойку, вынік – чарговыя 15 содняў, артыкул той жа самы – «дробнае хуліганства», персанаж у ролі суддзі той жа самы – Максім Трусевіч. Таксама цягам дня з’явілася інфармацыя пра затрыманне грамадскага дзеяча і бізнесоўца, былога дырэктара крамы symbal.by Паўла Белавуса.

Уладзімір Старыковіч, Белсат