У Варшаве распавялі пра творчасць Уладзіміра Мулявіна


Дайджест навінаў беларускай культуры

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння – апошні дзень набору ў першую беларускую школу відэаблогінгу. Настаўнікамі курсу стануць зоркі YouTube, сярод якіх – Мікіта Мелказёраў, Маргарыта Ляўчук, Ліза Ветрава ды іншыя. Шэсць пераможцаў школы атрымаюць фінансаванне праекту на тры-шэсць месяцаў…

Тры беларускі. Тры гісторыі ўласнага досведу анкалагічнай хваробы і барацьбы з ёй. Фотавыстава «Пра рак», гераінямі якой сталі Кацярына, Кацярына і Алена, адкрылася ў Вільні на пляцоўцы «Imaguru StartupHUB».

«Гэта – асаблівы праект, таму што такіх адкрытых, смелых фотапраектаў, дзякуючы выдатнай працы фатографа і вельмі трапяткога стаўлення журналісткі, такіх гісторый няшмат з’яўляецца. І гэта гонар – у ім паўдзельнічаць», – кажа праграмная дырэктарка «Маланка Медыя» Кацярына Пытлева.

«Казаць, па-першае, пра важнасць дыягностыкі, пра важнасць любові да сябе. І сваім прыкладам паказваць, што гэтая хвароба, як і любая іншая, вылечная і не зʼяўляецца прысудам, для мяне было важна», – адзначае наведніца выставы, якая знаходзіцца ў рэмісіі, Святлана Бабінцава.

«Ружовы кастрычнік» – месяц барацьбы супраць раку малочнай залозы. Сустрэчы, якія ладзяцца за гэты час, накіраваныя, у першую чаргу, на прафілактыку і дыягностыку захворвання.

«Першае, бяром адказнасць за сваё здароўе на сябе. Другое, раз на год, калі ласка, агульны аналіз крыві, агульны аналіз мачы, УЗІ ўнутраных органаў. А таксама можна здаваць аналізы на анкамаркёры. Раз на год ідзем да доктара з гэтымі аналізамі і глядзім за сабой», – дае параду стваральніца праекту «Дактары за праўду і справядлівасць» Вольга Вялічка.

19 кастрычніка ў працяг фотавыставы ў Вільні адбудзецца сустрэча з анкапсіхолагам для блізкіх хворых на рак. Таксама можна будзе прайсці індывідуальны агляд доктара…

Тым часам у Беларускім доме ў Варшаве распачаўся новы цыкл лекцыяў. Гэтым разам – пра беларускую народную творчасць, у прыватнасці – пра легендарную асобу, стваральніка і кіраўніка ансамблю «Песняры» Уладзіміра Мулявіна.

«Мы вырашылі зрабіць гэты курс, таму што Уладзімір Мулявін – гэта беларус з вялікай літары, які нарадзіўся не ў Беларусі, але які зрабіў вялікі ўнёсак у нашую культуру, у нашую музыку», – распавядае кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

Як чалавек з Уралу палюбіў беларускую культуру і пачаў яе адраджаць? Як быў створаны ансамбль «Песняры» і якую ролю адыграў Мулявін у стварэнні першай беларускай оперы? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвала лектарка Галіна Пазняк.

«Свой талент аддаў беларускай культуры. І ён стаў беларусам. Ён вывучыў беларускую мову, каб разумець беларускія песні, каб разумець беларускіх людзей, каб разумець беларускую літаратуру», – кажа лектарка.

«Мулявін – гэта сусветны геній. Гэта геній, якога даў нам Бог. Ягоны любімы паэт быў Янка Купала. І ніхто так глыбока не пранік у дух Янкі Купалы ў музыцы, як Мулявін», – мяркуе ўдзельнік сустрэчы, палітык Зянон Пазняк.

Наступная лекцыя пра творчасць Мулявіна запланаваная на снежань, сачыце за абвесткамі Беларускага дому…

Між тым, так званыя ўлады Беларусі ліквідуюць дабрачынны форд «Вяртанне», які спрыяў развіццю беларускай культуры, адукацыі ды навукі. Шматгадовы партнёр ПЭН-цэнтру, гэты фонд быў спонсарам музычнага конкурсу «Заспявай», літаратурнай прэміі «Дэбют» і дапамагаў у арганізацыі літаратурных прэміяў імя Карласа Шэрмана, Цёткі, Ежы Гедройця. Працэс ліквідацыі адбудзецца ў менскім гарадскім судзе 25 кастрычніка.

Наста Печанькова, «Белсат»