Ці прызнае Зяленскі «Кабінет Ціханоўскай»?


Пакуль у Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі спрабуе балансаваць паміж падтрымкай расейскай агрэсіі супраць Украіны і неўступленнем у поўнамаштабную вайну, дэмакратычныя сілы Беларусі спрабуюць наладзіць кантакт з афіцыйным Кіевам. Аднак там не спяшаюцца з прызнаннем Аб’яднанага пераходнага кабінету, сфармаванага Святланай Ціханоўскай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Украіна не прызнае Аб’яднанага пераходнага кабінету, сфармаванага Святланаю Ціханоўскаю. Такое меркаванне ў інтэрвʼю ўкраінскай службе радыё «Свабода» выказаў дэпутат ад «Слугі народу», кіраўнік Камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады Аляксандр Мэрэжка. Прычына, паводле яго, – «недастаткова выразная пазіцыя Ціханоўскай адносна Расеі і Пуціна».

«Яна нібы баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, дакладна сказаць, што Расея – дзяржава-тэрарыст, агрэсар і вораг беларускага народу. Акрамя таго, у ейным асяроддзі ёсць крыху сумнеўныя людзі. Яна таксама рабіла заявы, звязаныя з Украінай, якія выклікалі неразуменне ва Украіне», – кажа ўкраінскі дэпутат.

Якія менавіта заявы Ціханоўскай і асобаў з атачэння дэмакратычнай лідаркі выклікаюць у афіцыйнага Кіева сумненні, дэпутат не ўдакладніў.

«Заява спадара Мэрэжка – гэта не афіцыйная, не жорсткая пазіцыя ўкраінскіх уладаў, якая нязменна. Гэта хутчэй мэсідж накіраваны беларускай апазіцыі пра тое, што калі не будзе занятая больш жорсткая і больш структураваная пазіцыя адносна Расеі і расейскай агрэсіі супраць Украіны, то разлічваць на тое, што ўкраінскія ўлады зробяць зараз жэсты аб прызнанні, фармалізацыі і агулам актывізацыі стасункаў, не варта», – лічыць палітолаг Алег Саакян.

Між тым пазіцыя дэмакратычнай часткі беларускага грамадства ў звычайных украінцаў сумневаў не выклікае. Вось, што кажуць жыхары Кіева:

«Напэўна, украінская ўлада павінна трымаць кантакт з камандай Ціханоўскай, бо гэта адзінае святло ў беларускай апазіцыі».

«Нам патрэбны кантакт з беларускай апазіцыяй, як мінімум таму, што яна там ёсць, у адрозненне ад Расеі. Проста Беларусь на 100 адсоткаў пад акупацыяй».

«Жыхары Беларусі жа супраць вайны?! Яны – проста закладнікі».

«Яна за мяжой. Калі яна лідарка беларускага народу, калі беларусы яе падтрымалі, то мы таксама «за»!»

«Трэба прызнаваць, бо вораг майго ворага – мой сябар».

Афіцыйны Кіеў ад кантактаў з беларускай апазіцыяй таксама не адмаўляецца. У сваім інтэрвʼю Мэрэжка, як і раней ягоны калега з партыі Багдан Ярэменка, называе байцоў беларускага палка Каліноўскага легітымным органам, які мог бы весці дыялог з украінскім бокам. Тут трэба адзначыць, што фармальна гэтае падраздзяленне – частка ЗСУ.

«Гэта – пасыл ад Украіны: «Вось глядзіце, ёсць вайсковыя беларускія, якія дакладна разумеюць, як перамагаць Лукашэнку, якія ведаюць, як дапамагаць Украіне. А што вы можаце прапанаваць? Якое вашае бачанне?» Гэта павестка, якая прапануецца камандзе Ціханоўскай. Што яны могуць прапанаваць, якое ў іх бачанне і ці гатовыя гэтыя палітыкі на больш радыкальныя дзеянні», – разважае Алег Саакян.

Прадстаўнікі абʼяднанага пераходнага кабінету, у сваю чаргу, не пакідаюць спробаў наладзіць кантакт з украінскімі ўладамі. З візітам у Кіеве цяпер прадстаўнік кабінету ў міжнародных стасунках Валер Кавалеўскі.

«Замежную палітыку ва Украіне вызначае прэзідэнт. Менавіта офіс прэзідэнта будзе вызначаць падыход да нашага кабінета. Таму наша праца не можа спыняцца і залежыць ад нейкіх выказванняў. Мы разумеем, што задача нетрывіяльная – дамагчыся ўстанаўлення афіцыйных адносін з Абʼяднаным пераходным кабінетам у той час, як на тэрыторыі Беларусі нарошчвае сваю ваенную прысутнасць Расея», – кажа Валер Кавалеўскі.

З заклікам прызнаць абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі да Уладзіміра Зяленскага 10-га кастрычніка звярнулася Святлана Ціханоўская.

Гэта адбылося на фоне чарговых ваяўнічых заяваў Лукашэнкі ды інфармацыі пра разгортванне вайсковай групоўкі Саюзнай дзяржавы ля ўкраінскіх межаў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»