Па дарозе з Варшавы можна трапіць у Вольную Беларусь


У Варшаве адкрылі плошчу Вольнай Беларусі. Яна размешчана на дарозе, якая вядзе на Ўсход. Так улады сталіцы Польшчы выказалі салідарнасць з беларускім народам.

Вольная Беларусь усё-такі з’явілася, аднак у Польшчы і на невялічкім лапіку зямлі. Учора ўлады Варшавы аднагалосна прынялі пастанову аб наданні адной з развязак імя Вольнае Беларусі.

«Гэта важны сімвал, які, спадзяюся, падхопяць іншыя гарады Польшчы і свету, сімвал падтрымання беларусаў, каб яны не спыняліся ў сваёй барацьбе – і каб вольная Беларусь была ня толькі подпісам на адной з інфармацыйных шыльдаў у Варшаве, але і рэчаіснасцю ў самой Беларусі», – заявіў прадстаўнік мясцовага самакіравання раёну Урсынаў (Варшава) Павэл Ленарчык.

«Палякі ведаюць цану свабоды. Яны шмат зрабілі для таго, каб дамагчыся свабоды і дэмакратыі ў сваёй уласнай краіне. Таму яны аддаюць належнае намаганням, якія беларусы на сённяшні дзень робяць не толькі гэтыя апошнія 15 месяцаў, але і ўжо шмат гадоў», – лічыць прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Ініцыятарамі выступілі польскі «Рух 2050», Цэнтр беларускай салідарнасці ды ініцыятыва «Вольная Беларусь». Яны спадзяюцца, што такім чынам выкажуць салідарнасць з беларускім народам, які цяпер змагаецца за незалежнасць і свабоду.

«Мы прымалі ўдзел ва ўсіх перамовах, пісалі звароты, перадавалі подпісы, сустракаліся з дэпутатамі. Агульная падтрымка Беларусі і дэмакратычных пераменаў з боку Польшчы заўсёды была. Не было ніякага процідзеяння, адзінае, што трэба было гэтую тэму падтрымліваць у медыя і гаварыць з палітыкамі. Гэтым мы і займаліся», – распавядае Анатоль Міхнавец з Цэнтру беларуская салідарнасці.

Месца для перайменавання выбранае не выпадкова. Гэтая дарога за маёй спінай вядзе ў Беларусь. Арганізатары спадзяюцца, што такая ж ініцыятыва паўстане і ў іншых гарадах Польшчы. Яны ўпэўненыя, што неўзабаве Беларусь па-сапраўднаму стане вольнай.

Ігар Станкевіч, «Белсат»