«Кошт ураду»: у медыцыне адбываецца катастрафічная сітуацыя


Лекараў у Беларусі ўсё менш – аналітыкі праекту «Кошт ураду» прааналізавалі, што адбываецца з кадрамі ў сістэме аховы здароўя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З усіх працаўладкаваных грамадзянаў 7,6 % занятыя ў сістэме аховы здароўя. Пры гэтым за ліпень заробак у гэтай галіне склаў усяго 1374 рублі – гэта на 16 % ніжэй за сярэднямесячны заробак у краіне», – гаворыцца ў аналізе «Кошту ўраду».

Паводле высноваў аналітыкаў праекту, асабліва крытычнаю сітуацыя ў галіне зрабілася ў апошнія два гады, калі колькасць нанятых на працу сталася значна меншаю за колькасць звольненых.

2019-ы быў апошнім годам, калі на працу прынялі больш адмыслоўцаў, чымся звольнілі. Цягам 2020 і 2021 гадоў звольніліся агулам амаль на шэсць тысяч медыкаў больш, чымся прыйшлі працаваць. Яшчэ мінус шэсць тысячаў маем за паўгода сёлета, але да канца года гэтая лічба крыху зменшыцца, бо ў ёй яшчэ не ўлічаныя выпускнікі.

«Медыкаў працягваюць затрымліваць, медыкаў працягваюць арыштоўваць. Існуюць чорныя спісы, паводле якіх звольненыя медыкі не могуць знайсці працы, існуюць спісы, дзе, калі ты засвяціўся дзесьці на пратэсце і цябе папярэдзілі, ты не можаш займаць нейкую кіроўную пасаду», – пералічвае траўматолаг-артапед Руслан Айзаулін прычыны змяншэння колькасці медыкаў.

Медыцына дэманструе не проста звальненні, а адток высокакваліфікаваных кадраў за мяжу. Міграцыя лекараў увогуле характэрная для Еўропы, кажа доктар Станіслаў Салавей. Але Міністэрства аховы здароўя Беларусі змагаецца з працоўнаю міграцыяй забаронамі ды абмежаваннямі.

«Мінздароўя перастала даваць магчымасць атрымання нейкіх папераў, прынцыповых для працаўладкавання ў краінах Еўропы. Гэта так званы пагадзіннік – падрабязны план праходжання табой падрыхтоўкі ва ўніверсітэце, выпіска, што ты прайшоў ардынатуру ў адпаведным выглядзе», – кажа акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей.

Днямі паведамлялася, што за год толькі ў Польшчу, дзякуючы спрошчанаму парадку працаўладкавання, пераехалі каля тысячы медыкаў з Беларусі. Нашыя лекары цэняцца за мяжою праз тое, што маюць большы ў параўнанні з замежнымі практычны досвед пры аднолькавым стажы.

«У Францыі гадоў пяць праходзіць у гінеколага, што робіць аперацыі, ад моманту пачатку навучання да самастойных аперацыяў. У сярэднім. У нас паўгода інтэрнатуры, як паказала практыка мінулага года. Паўгода інтэрнатуры паводле спецыяльнасці, рэшту на COVID пахадзі – і ты можаш апераваць. А на раёне або аперуеш ты, або не аперуе ніхто», – кажа Станіслаў Салавей.

Сёлета беларусаў чакае моцны ўсплёск захваральнасці на грып, кажуць адмыслоўцы. У якасці прыкладу прадстаўніца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Шмялёва прывяла Аўстралію, дзе заканчваецца зіма. Цяпер там фіксуецца самы вялікі ўсплёск захваральнасці на грып за апошнія 5 гадоў.

«Магчыма, рэсурсы ў большай ступені былі скіраваныя на прафілактыку каронавіруснай інфекцыі. Вакцынацыя супраць грыпу магла кульгаць у папярэднія гады, таму імунная праслойка зменшылася – і гэта дало магчымасць вірусу выклікаць такі значны ўздым захваральнасці», – лічыць Наталля Шмялёва.

Ці дасць рады ў гэтай сітуацыі аслабленая беларуская медыцына, якая і раней у сезон інфекцыяў не асабліва спраўлялася з колькасцю хворых? Калапс у медыцыне цягнецца дзесяцігоддзямі, мяркуе Рустам Айзатулін:

«А цяпер калапс сістэмы дапоўніўся недахопам кадраў, недахопам фінансавання і дзеяннем санкцыяў. І як гэта адаб’ецца на ўздыме захваральнасці, цяжка прагназаваць».

Але нягледзячы на дэфіцыт адмыслоўцаў, не спыняюцца і рэпрэсіі супраць лекараў. Сёння сталася вядома пра затрыманне ў Ваўкавыску стаматолага Нэлы Саўчанкі – нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»