Зміцер Кірэенка: «арганізацыі жывуць не на паперы а ў людзях»


Фармальна – яшчэ на адну грамадзянскую ініцыятыву стала менш. У Гомлі адбыўся суд аб ліквідацыі краязнаўчай арганізацыі «Талака».

«Такія арганізацыі жывуць не на паперы, а ў людзях. Калі ёсць людзі, то арганізацыя будзе жыць. А нейкае прызнанне з боку дзяржавы – гэта не так істотна», – кажа былы старшыня «Талакі» Зміцер Кірэенка.

«Талака» – адна з самых старых недзяржаўных арганізацыяў Беларусі – дзее ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Займаецца адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збіраннем фальклору і даследаваннем гісторыі Гомельшчыны.

«Суполкі, як «Талака», патрэбныя на сённяшні дзень у кожнай краіне, і ў першую чаргу ў Беларусі, таму што гэта адрознівае нас ад іншых народаў і адначасова збліжае з імі, гэта гістарычная памяць. Мы займаемся тым, што дае твар нашай краіне», – перакананая ўдзельніца «Талакі» бард Вальжына Цярэшчанка.

У краіне працягваецца ціск на актывістаў і палітычны пераслед. У Берасці КДБ прыйшоў з ператрусам да бацькоў Андрэя Шарэнды і Паліны Шарэнды-Панасюк.

«Пазней пасля ператрусу быў допыт, дапыталі маю маці, бацьку, цешчу – маці Паліны. Яны далі падпіску аб неразгалошванні, але з таго, што змаглі паведаміць, што на мяне заведзены новы артыкул», – распавядае актывіст Андрэй Шарэнда, які цяпер знаходзіцца ў Вільні.

Як высветлілася, Андрэй Шарэнда праходзіць паводле двух артыкулаў крымінальнага кодэксу. Гэта фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці і тэрарызм. Жонка Андрэя, Паліна Шарэнда-Панасюк, асуджаная на два гады калоніі за абразу Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і гвалт ці пагрозу гвалту над міліцыянтам, адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. З першых лістоў Паліна дае ведаць, што зазнае ціск.

«Усю інфармацыю яна перадае ў зашыфраваным выглядзе, але зразумела, што некалькі разоў да яе звярталіся па так званае памілаванне, каб яна падпісала. Усе гэтыя просьбы былі ёю адрынутыя, і за гэта яна прабыла два тэрміны ў карцары», – кажа Андрэй Шарэнда.

Пра ціск на зняволенага Віктара Бабарыку, былога банкіра і вылучэнца на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, стала вядома ад яго адвакатаў. На пасадзе апальшчыка за жнівень яму налічылі першы заробак – шэсць рублёў, з іх на рукі ён атрымаў крыху больш за паўтара рубля. Цяпер палітвязня перавялі на іншую працу ў складаных умовах – укладчык хлебабулачных вырабаў.

«Па звестках ад адваката, цяпер ён працуе ў памяшканні, дзе нават пры выключаных печах тэмпература 30 градусаў, вокны не дазваляюць адчыняць, хаця, паводле інфармацыі ад адвакатаў, да гэтага моманту вокны ў гэтым памяшканні былі расчыненыя», – кажа прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі Глеб Германчук.

Цяпер адвакаты спраўджваюць акалічнасці ды плануюць працу над зменай умоваў для Віктара Бабарыкі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»