Кіроўцаў мабільнага электратранспарту абавяжуць ездзіць па ходніках

Гомельцы Вікторыя і Данііл ужо больш за год перасоўваюцца па горадзе на электрасамакатах. Бо гэта зручна, мабільна і нават эканамічна.

«У любы час я ўзяла яго і пайшла. Мне не трэба падладоўвацца пад грамадскі транспарт, не трэба замаўляць таксі», – распавядае Вікторыя, уладальніца электрасамаката.

У час пандэміі персанальны мабільны транспарт займеў яшчэ адну перавагу: ён дазваляе пазбягаць натоўпаў.

«Такі час цяпер, каронавірус, у грамадскім транспарце трошкі небяспечна ездзіць. А на самакаце ты сваю ўласную мабільнасць маеш, проста едзеш спакойна, нікому не патрэбны, нікому не замінаеш», – зазначае Данііл, кіроўца самаката.

Электрасамакаты і монаколы з’явіліся на вуліцах беларускіх гарадоў не так даўно і адразу сталі модным трэндам. Але нягледзячы на іх папулярнасць, ніяк не рэгулююцца Правіламі дарожнага руху. Больш за тое, кіроўцы самакатаў і монаколаў як механічных транспартавых сродкаў могуць перасоўвацца па праезнай частцы без пасведчання кіроўцы.

Аднак у хуткім часе ўладальнікі мабільнага электратранспарту будуць абавязаныя ездзіць выключна па ходніках і веласцежках, бо новай рэдакцыяй Правілаў дарожнага руху іх прыраўняюць да пешаходаў.

Кіраваць самакатам можна будзе з 12 гадоў. Існуюць і іншыя абмежаванні. Гэтак, хуткасць сродкаў не павінна перавышаць 25 кіламетраў за гадзіну, тармазы і стырно мусіць быць спраўным, а ў цемры транспартавы сродак абазначаецца фарамі або ліхтарамі. Такія захады дазволяць скараціць колькасць дарожных здарэнняў, хоць і выкрываюць іншыя праблемы.

«Павінна стварацца інфраструктура. Веласіпедная інфраструктура падыходзіць да сродкаў індывідуальнай мабільнасці. У нас не ідэальная веласіпедная інфраструктура, яе трэба развіваць. І гэта будзе спрыяць таму, што людзям на сродках персанальнай мабільнасці будзе дзе перасоўвацца», – падкрэслівае Максім Пучынскі, спецыяліст развіцця веларуху Менскага велатаварыства.

Рэгуляванне на заканадаўчым узроўні ўхваляюць і адмыслоўцы і ўладальнікі самакатаў. Штопраўда, існуе рызыка: пры хуткім развіцці мабільнага транспарту Правілы дарожнага руху могуць згубіць сваю актуальнасць.

Марыля Дакуцька, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама