Газавы шантаж ад Расеі

Ацяпляльны сезон усё бліжэйшы, а таму ўсё часцей узнікае пытанне, наколькі халоднай зімы чакаць. І не толькі нам, але і жыхарам Аб’яднанай Еўропы. Цэны на расейскае паліва, ад якога нашыя заходнія суседзі таксама моцна залежаць, б’юць усе магчымыя рэкорды.

Цана на газ у Еўропе сёння пабіла ўсе магчымыя рэкорды і ўшчыльную наблізілася да 1000 долараў ЗША за тысячу кубаметраў. Нябачны дагэтуль ажыятаж на рынку блакітнага паліва адбываецца на фоне спрэчак унутры Еўразвязу вакол сертыфікацыі ды запуску расейскага газаправоду «Паўночная плынь – 2». І гэта зусім не выпадковасць, цвердзяць апытаныя намі эксперты.

«Даказаць гэта, вядома ж, немагчыма. Але ў той перыяд, калі ў Еўропе вырашаецца пытанне аб статусе эксплуатацыі «Паўночнай плыні – 2», паказаць, што незадаволеная Расея штосьці можа зрабіць з плынямі газу ў Еўропу – так, гэта ўжо абсалютна дакладна, элементы шантажу тут бачныя», – канстатуе расейскі аналітык нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін.

«На фоне спрэчак аб запуску і спробах зацягнуць сертыфікацыю гэтага газаправоду «Газпром» робіць вельмі проста: ён перастае заключаць ф’ючэрзы. Гэта азначае, што ён пастаўляе газ паводле цяперашніх кантрактаў, але не дае больш», – дадае эксперт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Вядома ж, свет клінам на расейскім газе не сышоўся, нагадвае эксперт: у Еўропы ёсць і іншыя пастаўляльнікі газу. Аднак хутка нарасціць патрэбныя аб’ёмы наўзамен расейскіх – мала рэальна. Дый дорага: на фоне еўрапейска-расейскай гульні нерваў іншыя экспарцёры газу ў ЕЗ паводзяць сябе як спекулянты.

«Газпром» – гэта, у залежнасці ад краіны, ад 50 да 20 адсоткаў спажывання газу па розных краінах Еўрапейскага Звязу. І, сыходзячы з гэтага, натуральна, што калі выпадаюць аб’ёмы закупаў на будучыню і ёсць негатыўныя прагнозы аб «халоднай зіме», цалкам натуральна, што цана на газ ідзе ўгару», – тлумачыць Тышкевіч.

Між тым мыльная, а дакладней газавая бурбалка рана ці позна лопне, упэўнены расейскі аналітык нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін. Дый наагул можа пры гэтым ударыць і па самым «Газпроме».

«Калі ўсе зразумеюць, што вось расейскія пастаўкі, якія і без таго былі ненадзейныя з палітычных прычынаў масавага адключэння – а тут яшчэ і гэткая гульня ідзе на падвышэнне цэнаў, то будуць адключацца ад расейскага газу. То бок «Газпром» сам сабе, як каўбой-небарака, стрэліў у нагу», – кажа Круціхін.

Ужо цяпер у Еўразвязе, дадае аналітык, павысілася спажыванне вугалю на электрастанцыях, а ўнутры галоўнага еўрапейскага хаўрусніка Расеі – Нямеччыны – пачаліся размовы пра тое, каб адкласці вывядзенне з эксплуатацыі атамных электрастанцыяў.

Здавалася б, на фоне газавага ажыятажу ў Еўропе Беларусь можа спаць спакойна. У часе апошняй сустрэчы з Лукашэнкам у Маскве Пуцін заявіў, што цана на расейскае блакітнае паліва для нашай краіны на наступны год застанецца на ўзроўні сёлетняй. Аднак прычыны для неспакою ўсё-ткі ёсць. І гэта не толькі адсутнасць падатковых паступленняў у беларускі бюджэт за патэнцыйна спынены транзіт газу ў Еўропу, падкрэслівае эксперт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч. Шантажуючы афіцыйны Менск рэзкім падаражэннем газу, Расея, якая ўжо валодае беларускай газатранспартавай сістэмай, дамаглася стварэння адзінага газавага рынку для дзвюх краінаў і пашырае свой уплыў на Беларусь.

«З увядзеннем «Паўночнай плыні – 2» Расея атрымае магчымасць гуляцца маршрутамі пастаўкі, таму аб’ёмы прапампоўвання будуць вельмі моцна залежаць ад паслухмянасці афіцыйнага Менску. І яшчэ адно. Калі агульны рынак газу – гэта азначае, што Расейская Федэрацыя ў перспектыве некалькіх гадоў можа атрымаць доступ да прыватызацыі газаразмеркавальных сетак у Беларусі», – прагназуе Тышкевіч.

А таму пытанне, наколькі хутка і ўпэўнена выкруціцца з расейскай газавай пятлі Аб’яднаная Еўропа, важнае і для беларусаў. Штопраўда, у нас гэтых петляў куды больш, і скідваць іх нам давядзецца самастойна.

Валера Руселік, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама