Еўразвяз адкажа на атакі Лукашэнкі


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі праводзіць гібрыдныя атакі на Еўразвяз, і яму гэта не даруюць. Такія словы прагучалі сёння ў Еўрапарламенце падчас звароту аб стане Еўразвязу – штогадовага выступу кіраўніка Еўрапейскай камісіі, як выканаўчай улады.

Францыя, Страсбур, будынак Еўрапарламенту. Тут сёння з раніцы практычна раіліся журналісты, каб аператыўна пераказаць сэнс штогадовага Звароту аб стане Еўразвязу – паслання ад Еўракамісіі, а таксама наступных дэбатаў асноўных партыяў Еўрапарламенту.

«Гэта пасланне пра тое, як Еўропа будзе развівацца далей, Еўразвяз. І там было сказана і пра агульную абарону, і пра тое, як трэба развівацца. Я мяркую, сіла Еўразвязу ў сіле развіцця Еўразвязу, і эканамічнага, і сацыяльнага», – тлумачыць Раса Юкнявічыене, віцэ-старшыня Падкамітэту бяспекі і абароны ў Еўрапарламенце.

Ахова журналістаў, важных у барацьбе з карупцыяй, ажыўленне гаспадаркі пасля локдаўнаў і барацьба з пандэміяй каронавіруса сталі кірункамі на наступны год, якія пазначыла для Еўразвязу Урзуля фон дэр Ляен. Ужо сёння Еўракамісія – выканаўчы орган улады – абвесціла, што раздасць па ўсім свеце 250 млн дозаў вакцыны супраць каронавіруса, з іх 200 мільёнаў – краінам з нізкім прыбыткам. Выразна прагучаў заклік абараняць правы чалавека.

«Людзі – не разменная манета. Паглядзіце, што адбылося на нашых межах з Беларуссю. Рэжым у Менску зрабіў з людзей інструменты. Яны прывезлі людзей на самалётах і натуральна прапхнулі іх праз мяжу Еўразвязу. Гэтага нельга ніколі дараваць, і хуткая еўрапейская рэакцыя гэта паказвае. Не сумнявайцеся, мы будзем працягваць падтрымліваць Літву, Латвію і Польшчу. І давайце казаць як ёсць: гэтую гібрыдную атаку, спробу дэстабілізацыі Еўропа ніколі не даруе», – заявіла з трыбуны Еўрапарламенту Урзуля фон дэр Ляен.

Гэтак, учора польскія памежнікі зафіксавалі 230 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з беларускага боку. З пачатку верасня такіх спробаў было 2700.

Амаль 1200 чалавек, якія хацелі абысці пункты пропуску, з 10 жніўня не пусцілі памежнікі Латвіі.

А ў Літву з пачатку года праз Беларусь трапілі больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў.

«Гэта не звычайная міграцыя, бо гэта ненатуральныя шляхі. А гэта адмыслова арганізаваная атака, дзе людзей выкарыстоўваюць, як бомбы і міны, праз мяжу з беларускага боку«, – тлумачыць Раса Юкнявічыене.

Сярод прыярытэтаў кіраўніца Еўракамісіі назвала палягчэнне легальнай міграцыі ды еўрапейскую ўзаемадапамогу супраць нелегальнага мінання межаў.

«Пакуль мы не знойдзем рашэння, як даць рады з міграцыяй, нашыя апаненты будуць працягваць ужываць яе супраць нас. Прагрэс вельмі павольны. І цяпер прыйшоў час для еўрапейскай палітыкі кіравання міграцыяй. Таму я заклікаю Еўрапарламент і ўсе дзяржавы-чальцы прыспешыць працэс», – заявіла кіраўніца Еўракамісіі.

Таксама для лепшага і хуткага рэагавання на гібрыдныя, хакерскія і ваенныя пагрозы мусіць быць створаны Еўрапейскі абаронны звяз. Дзеля гэтага не хапае перадусім палітычнай волі, мяркуе і кіраўніца Еўракамісіі, і апытаныя «Белсатам» еўрадэпутаты.

«Упершыню гэтыя ідэі, прапановы былі на стале 10 гадоў таму. Так што цяпер мы маем таксама крызіс Афганістану і пасля гэтага мы зноўку кажам, што ў галіне абароны і бяспекі трэба больш супрацы ў Еўразвязе», – патлумачыў Урмас Паэт, віцэ-старшыня Камітэт замежных справаў Еўрапарламенту.

Беларусь узгадалі менавіта як гібрыдную пагрозу, але гэта не значыць, што Еўразвяз забыў пра беларускі народ, тлумачыць Урмас Паэт:

«Канешне, ніхто не забыў пра гэта. І ясна, што злачынствы ў Беларусі працягваюцца. Што, на жаль, не было сур’ёзных зменаў да лепшага«.

Яшчэ адзін агучаны сёння кірунак – узмацненне «Усходняга партнёрства» – праграмы супрацы Еўразвязу з Арменіяй, Азербайджанам, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Беларусь таксама ўваходзіць ва «Усходняе партнёрства», але супраца і праграмы фінансавання прыпыненыя да новых дэмакратычных выбараў. Аляксандра Лукашэнку Еўразвяз не прызнае легітымным кіраўніком Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»