«Акно ў Азію» ці «Клуб азіяцкіх дэспатыяў»? Што за ШАС, у які сабралася Беларусь


Беларусь неўзабаве можа ўвайсці ў Шанхайскую арганізацыю супрацы. Гэта клуб пераважна азіяцкіх дзяржаваў. Прапагандысты і эксперты Лукашэнкі абяцаюць, што ўдзел у арганізацыі прарубіць «акно на Ўсход», праз якое можна будзе перакідваць падсанкцыйныя тавары. Ці стаіць за гэтым штосьці акрамя прапаганды?

Шанхайская арганізацыя супрацы афіцыйна прыняла заяўку Беларусі на паўнавартаснае чалецтва. Пра гэта паведаміў генеральны сакратар ШАС.

«‎Падача заяўкі сведчыць, што ўлады Беларусі прыйшлі да высновы наконт поўнай адпаведнасці каштоўнасцяў і прынцыпаў Шанхайскай арганізацыі супрацы беларускім каштоўнасцям», – заявіў Чжан Мін.

Найбліжэйшы саміт ШАС пройдзе ў верасні ў сталіцы Узбекістану. Тады і пачнецца працэдура прыёму. На сёння Беларусь мае статус назіральніка, а ў арганізацыю ўваходзяць 8 краінаў Азіі: Індыя, Іран, Кітай, Казахстан, Кыргызстан, Пакістан, Таджыкістан і Узбекістан. І Расея – геаграфічна Еўразія. Хоць супольны аб’ём гаспадарак гэтых дзяржаваў вялікі, Беларусь у ШАС шмат не нагандлюе.

«Вазіць мэблю ці дрэва з Беларусі ў Кітай настолькі затратна, што перастае быць рэнтабельна. Таксама вазіць малако і мяса з Беларусі ў Кітай – можна, але рэнтабельнасць там таксама блізкая нуля», – распавядае Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справах эканомікі.

Краіны-чальцы Шанхайскай арганізацыі супрацы. Выява: sectsco.org

З дзяржаваў ШАС Беларусь нармальна гандлюе з Расеяй, Казахстанам і Кыргызстанам. Экспарт у астатнія краіны – меншы за 5 адсоткаў, нагадвае Алесь Аляхновіч.

Затое агульныя каштоўнасці, пра якія казаў генеральны сакратар арганізацыі, прысутнічаюць. Гэта ўхіл да аўтарытарнай формы ўлады, далей ад Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ад Міжнароднага права.

«Яны своеасабліва ў межах дакументаў ШАС тлумачаць паняцці экстрэмізму і тэрарызму. Практычна як беларускае заканадаўства. Фактычна, любыя нелаяльныя групы грамадзянаў, якія выступаюць супраць цяперашніх формаў ураду, напрыклад, выступаючы за дэмакратыю, за правы чалавека – яны могуць быць прызнаныя тэрарыстамі, экстрэмістамі», – тлумачыць аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Аналітыка
Падзенне да дна… Для Беларусі замежнагандлёвы цуд скончыўся
2022.06.26 11:30

Эксперты параўноўваюць Шанхайскую арганізацыю з СНД – постсавецкай Садружнасцю Незалежных Дзяржаваў. То бок гэта пляцоўка не для гандлю, а для «мутных дамоваў» і гучных палітычных заяваў.

Напрыклад, год таму на саміце ШАС у Душанбэ Лукашэнка заклікаў адмаўляцца ад долараў, каб амерыканцы не душылі санкцыямі.

«Сітуацыя ў свеце дэманструе ўсё большую ўразлівасць тых дзяржаваў, якія цалкам абапіраюцца на адну вядомую ўсім валюту», – скардзіўся дыктатар.

Сёлета адыходзіць ад долара і еўра заклікае экс-прэзідэнт і віцэ-старшыня Рады Бяспекі Расейскай Федэрацыі.

«Найлепшай абаронай ад тухлага еўра стане пераход на новыя спосабы аплаты ў гандлі з нашымі надзейнымі партнёрамі, у тым ліку выкарыстанне нацыянальных валютаў – расейскага рубля, індыйскай рупіі і інш. У будучыні магчымае і стварэнне новай рэзервовай валюты дзяржаваў БРЫКС», – напісаў у Тэлеграм-канале Дзмітрый Мядзведзеў.

БРЫКС – гэта яшчэ адзін клуб дзяржаваў, што шукаюць спосабы дамаўляцца далей ад міжнароднага права і ад магчымых санкцыяў наймацнейшых гаспадарак свету. У групу ўваходзяць Бразілія, Расея, Індыя, Кітай і Паўднёвая Афрыка. Але пахаваць долар і еўра і перайсці на свае валюты ва ўзаемных разліках не атрымліваецца ні ў Шанхаі, ні ў Рыа-дэ-Жанэйра.

«Долар займае дагэтуль 60% усіх транзакцыяў у свеце, еўра яшчэ 20%. А расейскі рубель і кітайскі юань вельмі нязначную долю транзакцыяў. Нягледзячы на ўсе санкцыі, палітычныя дамоўленасці», – нагадвае Алесь Аляхновіч.

Аналітыка
Каго насамрэч падтрымлівае Кітай у расейска-ўкраінскай вайне?
2022.06.22 20:04

Шукаць шляхі абыходу санкцыяў на апошнім бізнес-форуме БРЫКС заклікаў Уладзімір Пуцін. Праз відэасувязь.

«Пастаянна ўводзяцца ўсё новыя і новыя палітычна матываваныя санкцыі, узмацняюцца механізмы ціску на канкурэнтаў», – скардзіўся Пуцін.

Але абысці санкцыі і міжнародную ізаляцыю не так проста:

«Краіны, якія ўваходзяць у гэтыя ўтварэнні, глыбока інтэграваныя ў сетку міжнародна-эканамічных стасункаў з дзяржавамі, якія накладваюць гэтыя санкцыі. І калі мы паглядзім прынцыпы гэтых санкцыяў, то пад іх трапляюць і юрыдычныя асобы, якія спрабуюць выступаць мосцікамі для абыходу санкцыяў», – тлумачыць Андрэй Ягораў.

Умоўна кажучы, прыняць 10 кантэйнераў тавараў ад «Уралвагонзаводу» і потым страціць кантракт на 200 кантэйнераў у ЗША – занадта небяспечна для бізнесу нават у аўтарытарных рэжымах.

Яраслаў Сцешык belsat.eu