Дзяржава спрабуе даціскаць: ператрусы і затрыманні 15 ліпеня


11 асобаў у Беларусі дадалі да ліку палітвязняў пасля ўчорашняй аблавы на праваабарончыя і грамадскія арганізацыі краіны. Згодна з уласным планам, сілавікі сёння працягнулі наступ на грамадзянскую супольнасць. У Гомлі, Менску, Лідзе і Берасці адбыліся чарговыя ператрусы і затрыманні. Сваякі праваабаронцы Сяргея Сыса заявілі, што ягоную хату літаральна разграмілі. Еўропа паабяцала чарговыя санкцыі.

У спіс палітвязняў, між іншых, трапілі праваабаронцы, якія яшчэ ўчора ранкам давалі такі статус іншым беларусам.

8 праваабаронцаў «Вясны» пад варту змясцілі па выніках учорашняга рэйду ператрусаў, якія адбыліся агулам у 23-ох арганізацыях Беларусі. Гэта не кропка, кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка:

«Затрымліваюць некаторых нашых рэгіянальных прадстаўнікоў. І не толькі тых, што цяпер працуюць, але і тых, якія былі сябрамі праваабарончага цэнтру «Вясна» некалькі гадоў таму».

Сярод затрыманых – старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі – былы палітвязень і лаўрэат французка-нямецкай прэміі «За правы чалавека і вяршэнства закону». Затрыманы на ўжо традыцыйныя 72 гадзіны, пакуль не вядома – паводле якой крымінальнай справы. Спадар Алесь – таксама чалец беларускага ПЭН-цэнтру, у які, як аказалася, учора таксама наведаліся «балаклавы» ГУБАЗіКу. Па юрыдычным адрасе нікога не заспелі.

«Калі раней дзеячаў культуры маглі затрымаць на мітынгах, на летніх маршах, а ўвосень маглі затрымаць пад час дваровых канцэртаў салідарнасці, то зараз сам факт таго, што ты займаешся незалежна беларускай культурай ужо робіць цябе патэнцыйным дыверсантам, экстрэмістам, фашыстам», – кажа Андрэй Хадановіч, сябра рады ПЭН-цэнтру, паэт, перакладчык.

Сярод непалітычных… шукалі неафіцыйную нацыянальную сімволіку і выносілі тэхніку таксама з «Саюзу Беларускіх пісьменнікаў», офісу дабрачыннага праекту «Імёны». Сярод апазіцыйных аб’яднанняў трэслі офіс зарэгістраванага ў Беларусі руху «За Свабоду». 19 ліпеня распачнуць суд у справе прыпынення Міністэрствам юстыцыі дзейнасці руху. На фоне ціску на іншыя арганізацыі незалежнага сектару – такога развіцця падзеяў не выключала сябра рады руху «За Свабоду» Вольга Быкоўская.

«У іх нейкая праблема з атрыманнем інфармацыі пра наш юрыдычны адрас. Насамрэч ён у руху «За Свабоду» ёсць. Ёсць надзея, што нешта яшчэ ў гэтай краіне працуе і дастаткова будзе паперы пра тое, што юрыдычны адрас у нас ёсць, каб прыпынення дзейнасці ўсё ж не адбылося».

Пасля серыі ператрусаў і затрыманняў у коле незалежных выданняў і журналістаў сілавікі сёння паўторна наведаліся ў памяшканне «Нашай Нівы». Вядуць «размовы» з героямі публікацыяў газеты.

«Герояў некаторых нашых публікацыяў схіляюць да заяваў, што маўляў ім плацілі за артыкулы, да таго, што заклікалі да выхаду на акцыі і мы не ведаем дакладна, што менавіта ад іх хочуць. Але нас гэта вельмі непакоіць і палохае, бо ніколі »наша Ніва« не плаціла сваім героям», – распавядае Настасся Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы».

Тыдзень таму затрымалі чатырох супрацоўнікаў выдання і сёння ўпершыню прынялі перадачу ў ізалятары на Акрэсціна.

Журналісты заявілі, што будуць працягваць пісаць, прадстаўнікі культуры – ствараць актуальныя мастацкія творы, палітыкі – дамагацца яшчэ большага ціску на рэпрэсіўны рэжым, праваабаронцы – кваліфікаваць дзеянні ўладаў і фіксаваць парушэнні правоў чалавека. Усіх міжнародных калегаў паінфармавалі.

«Гэтыя цяжкія парушэнні правоў чалавека і фундаментальных свабодаў не застануцца беспакаранымі. Еўразвяз гатовы разгледзець далейшыя абмежавальныя захады ў адпаведнасці са сваім паэтапным падыходам. ЕЗ будзе надалей падтрымліваць народ Беларусі. Будзе надалей стаяць на баку праваабаронцаў, незалежных медыяў і ўсіх, на каго ціснуць у Беларусі», – кажа Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу.

Ціснуць і даціскаюць. Міністэрства юстыцыі вынесла Беларускай асацыяцыі журналістаў папярэджанне і запатрабавала да заўтра даць адказ. Дзеля гэтага патрэбная пячатка, якая знаходзіцца ў апячатаным офісе арганізацыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»