Дзяржаўны тэрор на выспе свабоды

На Кубе працягваецца хваля дзяржаўнага тэрору пасля масавых пратэстаў – першых за амаль 30 гадоў. Нямеччына і ЗША патрабуюць вызваліць мірных дэманстрантаў і спыніць пераслед.

Паводле інфармацыі кубінскіх актывістаў, паліцыя затрымала ўжо больш за пяць тысяч чалавек пасля масавых нядзельных пратэстаў, што адбыліся па ўсёй краіне. Сярод затрыманых – 120 актывістаў і журналістаў. Паліцыянты ўрываюцца ў прыватныя дамы і кватэры, людзям пагражаюць зброяй і жорстка затрымліваюць.

Улады блакуюць доступ да сацыяльных сетак, выкарыстоўваюць так званыя брыгады хуткага рэагавання – арганізаваныя групы цывільных баевікоў для супрацьдзеяння пратэстоўцам. Гэтак афіцыйна пацверджана смерць аднаго дэманстранта, які нібыта спрабаваў здзейсніць напад на паліцэйскі пастарунак. Журналісты і звычайныя людзі аднак паведамляюць пра значна большую колькасць загінулых і пацярпелых. Акцыі салідарнасці з народам Кубы адбываюцца па ўсім свеце.

Магутная паводка ў Нямеччыне

Больш за 40 асобаў загінулі, дзясяткі зніклі без вестак у Нямеччыне пасля магутнай паводкі, што заліла вуліцы гарадоў і вёсак, прынесла разбурэнні.

У акрузе Ойскірхэн на захадзе краіны ратаўнічыя аперацыі былі ўскладненыя перарванай тэлефоннай ды інтэрнэт-сувяззю.

Паўсотні асобаў былі заблакаваныя на дахах сваіх дамоў у чаканні выратавання.

Цалкам аб’ём разбурэнняў яшчэ не вызначаны, шматлікія вёскі адрэзаныя паводкай ад астатняй краіны.

Некаторыя жыхары Нямеччыны параўноўваюць наступствы паводкі з бамбаваннямі часоў Другой Сусветнай вайны.

Алімпійскія гульні ў свеце COVID-19

Японскі прэм’ер Ёсіхідэ Суга заявіў, што ўлады краіны зробяць усё магчымае дзеля бяспечнага і надзейнага правядзення Алімпійскіх гульняў. Арганізатары амаль напалову скарацілі колькасць прадстаўнікоў іншаземных дэлегацыяў, абмежаваная праца забаўляльных установаў, кавярняў і рэстаранаў. Арганізатары працягваюць абмяркоўваць скарачэнне колькасці гасцей на цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў.

Між тым у Токіа з дванаццатага ліпеня чацвёрты раз увялі рэжым надзвычайнай сітуацыі, шмат японцаў пратэстуе супраць правядзення Алімпійскіх гульняў, што мусяць распачацца 23 ліпеня сёлета і пройдуць без гледачоў на трыбунах.

Памежныя гульні працягваюцца

Аляксандр Лукашэнка вядзе гібрыдную вайну супраць Літвы і Еўропы агулам. Пра гэта заявіла міністр унутраных справаў Літвы Агне Білатайце. Падтрымку Літве ў канфлікце з мігрантамі выказала еўракамісар па ўнутраных справах Еўразвязу Ільва Югансан.

«Наколькі я разумею, Лукашэнка выкарыстоўвае людзей для аказання палітычнага ціску. Гэта абсалютна непрымальна, і я лічу вельмі важным, каб мы прадэманстравалі еўрапейскую салідарнасць з Літвой. Зараз гэта нашы агульныя еўрапейскія знешнія межы, і мы павінны абараняць нашы знешнія межы».

Ільва Югансан заявіла, што агенцтва аховы вонкавых межаў Еўразвязу «Фронтэкс» накіруе на літоўска-беларускую мяжу дадаткова некалькі дзясяткаў афіцэраў, а Еўразвяз вылучыць дадатковыя 10 мільёнаў еўраў на ахову мяжы.

На літоўскай мяжы цягам апошніх дзён затрымалі яшчэ пяцьдзясят сем незадакументаваных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, на польскай – сорак шэсць. Мігранты назваліся грамадзянамі РФ з Чачэніі і Дагестану, грамадзянамі Афганістану, Ірану, Іраку ды Індыі.

Усяго з пачатку года на мяжы з Беларуссю літоўскія памежнікі затрымалі 1 795 мігрантаў. Гэта ў 22 разы болей, чым за ўвесь папярэдні год.

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама