СБУ арыштавала актывы «БНК-Украіна»


Служба бяспекі Украіны ініцыявала арышт актываў «Беларускай нафтавай кампаніі». Падставай гэтаму рашэнню паслужыў, як заяўляюць у СБУ, удзел у фінансаванні агрэсіі Расеі. Падрабязней у нашым матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ва Украіне арыштаваны актывы беларускай кампаніі. Агульным коштам у 670 тысяч долараў ЗША. Кампанія спецыялізуецца на аптовым гандлі палівам.

Пра гэта сёння раніцай паведаміла Служба бяспекі Украіны.

СБУ адзначае, што за апошні год гэтая кампанія экспартавала ва Украіну тавараў на суму 676 мільёнаў долараў. За час жа расейскай агрэсіі, з актываў кампаніі маглі кудысьці знікнуць сотні мільёнаў. Чаму спецслужбы Украіны ўзяліся за гэтую справу толькі цяпер?

На гэтае пытанне нам адказаў генерал-маёр СБУ ў адстаўцы Віктар Ягун:

«Цяпер дайшлі рукі. Гэта раз. Бо быў той пералік актываў, які мае беларуская дзяржава на тэрыторыі Украіны. І проста ідуць па спісе. Таму не было гэтага месяц ці два таму.А зараз адпрацаваны механізм, як усё гэта робіцца. Там я чуў і вагоны канфіскоўваюць. А перад гэтым былі машыны, цягачы».

Супрацоўнікі СБУ не напісалі назву кампаніі, аб якой ідзе гаворка. Але гэта зрабілі ў офісе Генеральнага пракурора Украіны, які таксама завёў супраць яе справу. Аказалася, мова пра БНК-Украіна, дачэрняе прадпрыемства «Беларускай нафтавай кампаніі». Яе заснавальнікамі з‘яўляюцца ЗАТ «БНК» і «Беларуснафта». У сваю чаргу акцыянерамі ЗАТ «БНК» з’яўляюцца «Мазырскі НПЗ», тая ж «Беларусьнафта» і ААТ «Нафтан». Далей ланцужок ад «Мазырскага НПЗ» ідзе да прадпрыемства ПАТ НДК «Слаўнафта» – па сутнасці дачкі «Газпрамнафты» і «Слаўнафты».

Запраўка «БНК-Україна».
Фота: nefterynok.info

Пракаментаваць усю гэтую сітуацыю мы папрасілі народнага дэпутата Украіны Аляксея Ганчарэнка:

«Я лічу, што ўсе кампаніі, актывы, якімі кіруе рэжым Лукашэнкі павінны быць арыштаваныя і канфіскаваныя на карысць Украіны. Рэжым Лукашэнкі – злачынны рэжым. Ён надаў тэрыторыю Беларусі для ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Згодна са ўсімі дакументамі ААН, краіна, якая падала сваю тэрыторыю для агрэсіі таксама з’яўляецца агрэсарам».

Арышт актываў Беларускай нафтавай кампаніі ва Украіне – не першы прыклад, калі рэжым Лукашэнкі расплочваецца ў літаральным сэнсе за суагрэсію супраць паўднёвае суседкі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»