Ці вызваляць палітвязняў з нагоды афіцыйнага Дня Рэспублікі?


Палітычным зняволеным абяцаюць выхад на волю з нагоды афіцыйнага дня Рэспублікі 3 ліпеня. Спісы асобаў, якія могуць трапіць пад акт вызвалення, сапраўды складае «адзін са следчых органаў» – піша «Наша Ніва». «Белсат» жа атрымаў пацверджанні ад некалькіх семʼяў палітвязняў, што да асуджаных прыходзілі з прапановаю свабода – пасля напісання просьбу аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Для тых, хто адмовіўся «раскаяцца на камеру» адразу пасля арышту, ёсць яшчэ адзін шанец… Ключом да свабоды «палітычных», якія ўжо адбываюць тэрміны – раскаяцца і папрасіць аб злітаванні таго, супраць каго выступалі. Алена (імя змененае) – жонка палітвязня, які атрымаў такую прапанову непасрэдна ад Андрэя Шведа:

«Сказаў, што прыязджаў генпракурор і прапаноўваў напісаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта – з раскаяннем. Ён адмовіўся. Сказаў, што «мне яшчэ жыць у гэтым горадзе і я хачу гладзець людзям у твар, не хаваючы вачэй».

Адмаўляюцца падпісваюць шматлікія палітвязні, якія сутыкнуліся з помстаю рэжыму ці то на гэтай хвалі, ці то раней.

Апазіцыйны палітык, колішні кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч пры Лукашэнку правёў у зняволенні сумарна 9 гадоў. У межах апошняй крымінальнай справы яму пагражае тэрмін 15 год. Жонка Марына Адамовіч кажа, што прапанова напісаць просьбу аб памілаванні гучала неаднаразова:

«У гэтых сітуацыях было важна, каб у «шапцы» гэтага звароту было напісана «Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнка». Паколькі Мікалай не лічыць гэтага чалавека прэзідэнтам нашае краіны, то для яго гэта абсалютна непрымальна».

Непрымальна таксама прызнаваць вінаватасць за тое, чаго не здзяйсняў… Грамадскі актывіст і былы палітвязень Павел Вінаградаў лічыць, што прасіць аб памілаванні варта, калі няма палітычных амбіцыяў і ёсць жаданне выйсці і працягваць змаганне з рэжымам на волі. Марына Адамовіч мае пытанне:

«Вы праўда верыце, што людзі, якія будуць вызваленыя паводле прашэння аб памілаванні, здолеюць нешта рабіць на волі? Па-першае, яны будуць выцясняцца з краіны. Па-другое, я перакананая, яны будуць пад пільным наглядам».

Пасля ранейшых выбарчых кампаніяў палітычны рэжым вызваляў палітвязняў у абмен на зняцце эканамічных і візавых санкцыяў заходніх краінаў. Як будзе гэтым разам?

Алег Гулак, старшыня «Беларускага Хельсінкскага Камітэту», кажа:

«Дзіўна канешне тое, што цяпер такая праца сілавікамі праводзіцца, але пры гэтым не прыпыняецца рэпрэсіўны канвеер. Ён працягвае круціцца. Новых людзей арыштоўваюць і распачатыя раней справы працягваюць».

Да таго ж – не афішуюць сваіх дзеянняў. Ведаем толькі, што «супрацоўнікі» праводзяць размовы ў калоніях, і што спіс памілаваных складае «адзін са следчых органаў». Называць гэтую працэдуру амністыяй – як робяць некаторыя журналісты – не карэктна, заўважыў былы палітвязень Зміцер Бандарэнка:

«Адміністрацыя калоніі ці турмы вызначае, хто можа трапіць пад амністыю, але фармальна пісаць нікому нічога не трэба. Мне ў свой час прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Я адмаўляўся, калі быў ціск, але потым напісаў прашэнне па зусім іншай прычыне».

Зміцер Бандарэнка лічыць, што пасля ўвядзення санкцыяў ЗША частку асуджаных з палітычных прычынаў вызваляць і без іхных просьбаў да кіраўніка рэжыму. Афіцыйнаю нагодай можа стацца ягонае ўлюбёнае свята – Дзень Рэспублікі. Гэтак леташняя амністыя была прыменкаваная да 75-годдзя Перамогі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»