«На маім месцы можа быць хто заўгодна». Пракурор запатрабаваў для лідара гурта «Gods Tower» 3 гады «хіміі»


Абвесцілі перапынак да 21 чэрвеня – так скончылася паседжанне ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля. Тут разглядалі крымінальную справу супраць лідара гурта «Gods Tower» Уладзіслава Наважылава.

«Рэч у тым, што на маім месцы можа быць хто заўгодна. Не мае ніякага значэння, ці я вакаліст «Gods Tower», ці прадавец у краме «Еўраопт». Хто заўгодна. Проста так карта паклалася: узялі мяне, і будуць мяне «даўбіць», – кажа Уладзіслаў Наважылаў.

Пракурор запатрабаваў для музыкі 3 гады «хіміі».

Уладзіслава Наважылава вінавацяць у абразе ў сацыяльных сетках прадстаўніка ўлады – старшыні Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя. Пацярпелы на суд не зʼявіўся – нібыта з прычыны службовай занятасці. Музыка ж патлумачыў, што меў на ўвазе зборны вобраз чыноўніка.

«Там, па-мойму, было «надзвычай глупый боров». За гэта даваць 3 гады – занадта. Я гляджу на гэты працэс як на частку кампаніі для зачысткі тэрыторыі пасля хваляванняў у жніўні мінулага года ў сувязі з выбарамі», – адзначае праваабаронца Віктар Адзіночанка.

Працягваецца разгляд і іншых крымінальных справаў супраць не згодных з тым, што адбываецца ў краіне пасля выбараў. У Гомельскім абласным судзе пракурор запатрабаваў 3 гады пазбаўлення волі для сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай. 26-гадовага Дзмітрыя Канеўскага абвінавацілі ў распальванні варожасці за негатыўныя каментары пра міліцыю ў тэлеграм-чаце. Паводле адвакаткі, мужчына віну прызнаў і раскаяўся. Працяг працэсу, які вядзе суддзя Руслан Царук, – 17 чэрвеня.

У Першамайскім судзе Менску працягваецца разгляд справы Івана Багдзевіча, для яго абвінаваўца патрабуе 2 гады калоніі. Вінавацяць палітычнага вязня ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак: публічным выкрыкванні лозунгаў і гучных воплесках. Ніводнага доказу, паводле адваката, пададзена не было, і ў поўнай меры Іван Багдзевіч віны не прызнаў. Прысуд маюць абвесціць 23 чэрвеня.

А на 24 чэрвеня прызначылі суд у «справе Ціханоўскага». Шасцярых палітычных вязняў – фігурантаў справы – будуць судзіць у закрытым рэжыме ў Гомельскім следчым ізалятары, не адвозячы ў будынак Гомельскага абласнога суда.

Апроч таго, адвакатцы Сяргея Ціханоўскага стала вядома, што суд Савецкага раёну Гомля прыняў рашэнне ў грамадзянскай справе супраць падатковай. Ціханоўскі мусіць заплаціць падатак з 900 тысяч долараў, нібыта знойдзеных пры ператрусе.

Пад пагрозаю крымінальнага пераследу могуць аказацца і тыя, хто пакінуў Беларусь. Распачынаць справы супраць прызыўнікоў, якія з’ехалі за мяжу, прапанавалі Міністэрства ўнутраных справаў і Следчы камітэт.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»