У расейскае войска плануюць прыцягнуць жанчын. Прымусовая мабілізацыя – гэта злачынства


Расея праводзіць схаваную мабілізацыю на акупаваных украінскіх тэрыторыях, такім чынам прымушае грамадзян Украіны ваяваць супраць збройных сілаў Украіны. Больш за тое, у расейскае войска плануюць прыцягнуць нават жанчын. Як паведаміла амбудсвумен Людміла Дэнісава, у Данецкай і Луганскай вобласцях акупацыйная адміністрацыя запатрабавала на прадпрыемствах інфармацыю пра жанчын да 45 гадоў са спецыяльнасцямі кухар, медсястра, кіроўца, машыніст і падобнае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейцы абстралялі завод «Азоўсталь» у Марыупалі або фосфарнымі бомбамі, або запальвальнымі снарадамі з тэрмічнымі слаямі, прызначанымі для стварэння масавых пажараў. На відэа бачна, як на тэрыторыю заводу падаюць сотні снарадаў, якія гараць і выпальваюць усё навокал.

Завод «Азоўсталь» – апошні кавалак зямлі Марыупалю, які не змаглі захапіць расейскія вайскоўцы і баевікі. Горад у аблозе з 1 сакавіка. А з канца красавіка байцы «Нацгвардыі», украінскай паліцыі і Збройных сілаў заблакаваныя на заводзе, але працягваюць паспяхова абараняцца і рабіць контратакі.

«Ёсць стралковая зброя, АГС, ёсць СПГ, хіба мінамёты, але мала снарадаў. Кідаюць яны іх у скрайняй неабходнасці. Часам выходзяць з цэху, над чыгункай ходзяць», – распавядае расейскім прапагандыстам расейскі баявік з групоўкі «ДНР».

Жонкі і маці апошніх абаронцаў Марыупалю сёння далі прэс-канферэнцыю і заклікалі свет дапамагчы эвакуяваць з «Азоўсталі» усіх без выключэння.

«Як любая жанчына, я плачу, шмат сумую. Гэта вялікае гора для мяне і ўсёй нашай сям’і, і гэта цяжкая разлука», – ледзь стрымлівае слёзы жонка абаронца «Азоўсталі» Юлія Тарасенка.

«Я абавязкова пабачу яго. Гэта мой сын, і ён ведае, што я яго чакаю», – кажа маці байца Святлана Тарасенка.

Сітуацыя абаронцаў «Азоўсталі» вельмі цяжкая, у іх амаль няма вады, няма медыкаментаў і наркозу, паведаміла «Белсату» жонка аднаго з байцоў.

«Хлопцы гніюць зажыва»

«Вельмі шмат цяжка параненых, якім там немагчыма аказаць належную дапамогу. І хлопцы гніюць зажыва, гэта вельмі сумна», – распавяла ў жывым эфіры «Белсату» Вольга, жонка аднаго з байцоў.

Сярод абаронцаў «Азоўсталі» ёсць як мінімум 5 беларусаў. Нашыя суграмадзяне ваююць за Украіну не толькі ў складзе батальёну Кастуся Каліноўскага. Напрыклад, атрад імя Іллі Ліцвіна ўваходзіць у Тэрытарыяльную абарону Украіны.

«Лукашэнка прадставіў беларускую тэрыторыю для ўварвання рускімі захопнікамі, то мы адразу зразумелі, што ў гэтай вайне вырашаецца лёс не толькі Украіны, але і Беларусі, і беларусаў», – тлумачыць Барыс, які цяпер са зброяй у руках дапамагае паліцыі і Тэрытарыяльнай абароне патруляваць ваколіцы Адэсы.

А гэта Юрый з Берасцейскай вобласці. 24 красавіка ў баі пад Мікалаевым разам з пабрацімамі трапіў пад мінамётны агонь, быў цяжка паранены.

«Там быў невялікі гай. Першы снарад разарваўся адразу над галовамі. Мне трапіла ў руку, галаву, грудзі. Я ўпаў, пайшла кроў, я наклаў турнікет», – распавядае Юрый «Хмель».

Наступнай мінай Юрыю пашкодзіла ўнутраныя органы. Цяпер ён у шпіталі ў Адэсе.

«На 40 целаў – толькі 5-6 з дакументамі»

У паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы ўжо непадалёк ад дзяржаўнай мяжы, але контрнаступ можа затрымаць падрыў трох мастоў акупацыйнымі сіламі.

Апроч зачысткі вызваленай тэрыторыі ўкраінцы вычышчаюць вёскі пад Харкавам ад кінутых целаў расейскіх салдат. Целы грузяць у адмысловыя вагоны-халадзільнікі, хаця Расея не прасіла вярнуць сваіх памерлых.

«Калі ў некаторых расейцаў ёсць татуіроўкі, іконкі, гэта дапамагае ідэнтыфікацыі. У некаторых ёсць армейскія шаўроны. Але ў большасці няма дакументаў. На 40 целаў – толькі 5–6 з дакументамі», – тлумачыць прадстаўнік ЗСУ «Юрыст».

Ёсць паведамленні пра панічныя ўцёкі расейскіх вайскоўцаў з пазіцыяў пад Харкавам.

«Акрамя супрацьтанкавых сродкаў, якімі нам моцна дапамагла Еўропа, зараз пайшла артылерыя. Дальнабойная, высокадакладная, лепшая за расейскую па характарыстыках», – тлумачыць Сяргей, афіцэр ЗСУ, які ўдзельнічае ў вызваленні Харкаўскай вобласці.

Як выглядае агульная сітуацыя на фронце, паведамляе таксама брытанская вайсковая выведка. На свежай мапе ад Міністэрства абароны Аб’яднанага Каралеўства бачна, што ўкраінскія вайскоўцы істотна адштурхнулі ворага да расейскіх межаў у Харкаўскай вобласці. Але расейцы ўсё яшчэ спрабуюць стварыць кацёл у раёне Краматорску, наступаючы на ізюмскім кірунку з поўначы ды на данецкім кірунку з поўдня.

Амаль цалкам акупаваны Марыупаль сцягвае на сябе істотныя сілы Паўднёвай групоўкі расейскіх войскаў. Тая ж групоўка вядзе наступ на Запарожжа з боку акупаванага Мелітопалю. Сітуацыя ў Данецкай вобласці даволі складаная. Разам з тым украінскія вайскоўцы атакуюць акупантаў у раёне Мікалаева і Херсону.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»