Ці будзе крымінальная адказнасць за паяданне дранікаў?..


Дранікі ды бабку неўзабаве могуць прызнаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Рэспубліканская навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры адзінагалосна падтрымала прапанову аб наданні адпаведнага статусу стравам з таркаванай бульбы. Званне высокае. Ці заслужана?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У беларускай кавярні ў Варшаве стравы з бульбы вельмі папулярныя не толькі сярод беларусаў, але і палякаў. Аднак страва нумар адзін – дранікі.

«Дранікі – гэта сапраўдная традыцыйная беларуская страва. У мяне ў сям’і бабуля, прабабуля – усе гатавалі дранікі. Я пра іх ведаю з самага дзяцінства, з самага нараджэння, наколькі я сябе памятаю, з двух-трох гадоў. Таму я лічу, што дранікі можна аднесці да гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны», – мяркуе афіцыянтка.

За наданне такога статусу дранікам, бульбяным блінам і бабцы днямі адзінагалосна прагаласавала Рэспубліканскі навукова-метадычны савет пры Міністэрстве культуры Беларусі. Калі такі статус будзе зацверджаны, то знішчэнне нематэрыяльнай каштоўнасці ці здзек з яе можа пацягнуць крымінальнае пакаранне, нават да арышту.

Беларускія дранікі неўзабаве стануць гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Але ці будзе крымінальная адказнасць за паяданне гісторыка-культурнай каштоўнасці – мы неўзабаве даведаемся.

Кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка перакананы, што пакарання за паяданне дранікаў не будзе. 5 гадоў таму ў якасці беларускага амбасадара ў Францыі ён прапанаваў міністэрствам культуры і замежных справаў дадаць беларускія дранікі ды бабку ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО, але атрымаў адмову. Маўляў, гэта не толькі беларускія стравы.

«Чынавенства ёсць чынавенства, і добрую справу заўсёды могуць закапаць. Добра, калі зараз гэтая справа вяртаецца. Я разумею, што павінна быць рашэнне Міністэрства культуры, далей ураду Беларусі, а пазней на міжнародным узроўні трэба ўносіць да адпаведнай камісіі ЮНЭСКО», – адзначыў кіраўнік Павал Латушка.

Сёння дранікі можна замовіць праз інтэрнэт дастаўку, кошты ў Менску – ад 8 рублёў.

Падобна, што дранікі, бабка і бульбяные бліны – сярод самых улюбёных страваў беларусаў. Міністэрства культуры афіцыйна зарэгістравала 235 народных рэцэптаў гэтай ежы.

Ігар Станкевіч, «Белсат»