«Усё ў сажы, попеле, вуглях»: як пачалося аднаўленне касцёлу ў Будславе


Пасля пажару ў касцёле Будслава працягваюцца рамонтныя працы. На месца прыбылі альпіністы, якія дапамагаць разабраць дах. Таксама дапамагаюць валанцёры.

Тут дагэтуль стаіць пах гары, вакол – згарэлыя бярвёны і расплаўленая медзь. Да касцёлу нельга падысці блізка: сёння пачаліся актыўныя работы для яго аднаўлення. Наверсе працуюць прафесійныя альпіністы. Дазвол на такія працы быў атрыманы тры дні таму. Цяпер дах расчышчаюць ад смецця, наверх не пускаюць нікога, акрамя адмыслоўцаў.

«Большая частка – гэта згарэлы каркас даху. Дахавая сістэма, кроквенная сістэма. Разбор і скід уніз, каб расчысціць месца. А пасля нас ужо зоймуцца ўзвядзеннем новай кроквеннай сістэмы і перакрыццем даху, каб гэта не разбурала канструкцыі», – расказвае альпініст Канстанцін Кароль.

На даху – пяць альпіністаў, унізе – некалькі чалавек, якія прыбіраюць завалы. Усе прыехалі з розных рэгіёнаў краіны, працуюць як валанцёры, жывуць на тэрыторыі касцёлу.

«Мы будзем сёння і заўтра тут працаваць. Хочам разабраць максімальна бэлькі, якія могуць праваліцца. Усё, што зверху ляжыць, – усё ў сажы, попеле, у вуглях… бэлькі, расплаўленая медзь, нейкія металаканструкцыі. Яно ўсё ў кучы, і не зразумела», – кажа альпініст Аляксей Акіншаў.

Дэталёвы агляд стану касцёлу архітэктары пачнуць у панядзелак, пасля гэтага зробіцца зразумелым план аднаўлення святыні. Цяпер заходзіць у святыню нельга, адразу пасля пажару прыбралі ваду ад тушэння, для прасушвання паднялі драўляныя лавы і алтары. Учора паставілі кантралёры вільгаці.

Мы паразмаўлялі з ксяндзом Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай Дзмітрыям Дубовікам:

«Ужо размаўлялі з рознымі архітэктарамі, каб распачаць праектаванне часовага даху ў касцёл.

– Для чаго трэба часовы дах?

– Каб вельмі хутка закрыць касцёл ад вільгаці, бо скляпенні будуць намакаць і вільготнасць…чым больш яе, тым больш пашкоджваецца ўнутранае ўбранне касцёлу. Гэта жывапіс, гэта алтар і гэта арган.

– Ці адчулі вы падтрыманне?

– Дзякуй усім за жаданне дапамагчы, я думаю, што трохі трэба пачакаць, каб ведаць канкрэтна, для чаго гэта ёсць».

За чатыры дні пасля пажару на аднаўленне касцёла сабралі каля 279 тысяч беларускіх рублёў. Прапановы дапамогі, як матэрыяльнай, так і фізічнай, прыходзяць з розных частак свету дагэтуль.

А ўчора пра аднаўленне святыні выказаўся Аляксандр Лукашэнка: «Без государства они ни черта не сделают все равно».

Але падчас рыхтавання рэпартажу выявілася, што за два дні актыўных працаў дах касцёлу цалкам ачысцілі ад смецця. Даведацца, якая дапамога неабходна касцёлу, можна на сайце catholic.by.

У самым жа касцёле просяць не прыязджаць на дапамогу без папярэдняе дамоўленасці, а турыстаў папярэджваюць, што тэрыторыю вакол агарадзілі на 15 метраў.

Алена Дубовік, «Белсат»