Працоўная субота – працуюць і суды


У працоўную суботу суды Беларусі працягваюць выносіць свае палітычна матываваныя прысуды і аказваць ціск на прадстаўнікоў незалежных медыя.

Паўтара года «хатняй хіміі» атрымаў гомелец. Зламысным хуліганствам палічылі замену дзяржаўнага сцяга на нацыянальны 16 жніўня.

Працягваецца разгляд справы студэнтаў. 12 асобаў вінавацяць у каардынацыі пратэстаў у кастрычніку. Першае паседжанне адбылося ўчора, а сёння на судзе Яне Арабейцы, адной з фігурантак, зрабілася блага, пачаліся праблемы з сэрцам. Але суддзя Марына Фёдарава не змяніла меры стрымання.

Небяспечная праца журналістаў на судовых паседжаннях. Гэтак, учора ў часе разгляду «справы студэнтаў» затрымалі журналістку TUT.by Любоў Каспяровіч. Суд мусіў адбыцца сёння, але яго перанеслі на панядзелак.

«На жаль, за апошнія месяцы мы бачым, што ніякага справядлівага правасуддзя няма. Ёсць расправа над журналістамі. Адзінае, чым можна гандлявацца, – гэта толькі 10 содняў, 15 содняў ці 20 содняў», – абураецца намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Пакаралі арыштам і іншых журналістаў, якіх таксама затрымалі на судзе. Гэтым разам – 12 траўня каля Магілёўскага абласнога суда, дзе разглядаюць справу Паўла Севярынца. Журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч атрымалі па 20 содняў нібыта за ўдзел у акцыі пратэсту, якой увогуле не было. Абодва пачалі галадаваць.

Тады ж затрымалі старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шанцава. Сёння яго пакаралі 15 соднямі арышту.

А самога Паўла Севярынца паставілі на прафілактычны ўлік як экстрэміста – паведаміла жонка палітвязня. Вольга Севярынец даведалася пра сітуацыю з лістоў мужа:

«Ніхто не ведае дакладна, які пералік умоваў яна за сабой цягне. З размоваў з роднымі я так разумею, што гэта ад кайданкаў на руках, усе выхады з камеры на 90 градусаў, іх вядуць, як смертнікаў, напрыклад, некаторым лісты не даходзяць цалкам, забароненая перапіска. У Паўла правялі ператрус, шмон у камеры».

За кратамі цяпер 16 журналістаў. Нашыя каляжанкі Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова ў няволі ўжо паўгода.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»