Новы закон аб персанальных дадзеных у Беларусі


У Беларусі нарэшце вырашылі абараняць персанальныя дадзеныя грамадзянаў. Над законам працавалі некалькі гадоў. І вось апублікавалі на нацыянальным прававым партале.

Аднак чые персанальныя дадзеныя будзе абараняць закон перадусім і ці можа ён стацца чарговым інструментам для ціску і палітычна матываванага пераследу?

Праца над законам «Аб абароне персанальных дадзеных» распачалася яшчэ ў 2018 годзе. Першае чытанне адбылося ў 2019-м. І толькі ў гэтую пятніцу новы закон апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.

«Уся праваабарончая супольнасць вітала яго прыняцце. Беларусь заставалася апошняй краінай у Еўропе, дзе не было адпаведнага закону, які б рэгуляваў ахову персанальных дадзеных», – кажа юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Персанальныя звесткі – гэта звесткі, датычныя канкрэтнай фізічнай асобы, – напрыклад, імя, адрас, нумар тэлефону, а таксама ідэнтыфікатар у інтэрнэце ці біяметрычныя звесткі, кшталту адбіткаў пальцаў.

Год таму прыняцце гэткага закону было б вялізным плюсам, бо персанальныя звесткі грамадзянаў павінны быць абароненыя. Аднак з улікам апошніх падзеяў у краіне паўстаюць пытанні.

«Гэты закон у першую чаргу робіцца дзеля таго, каб бізнесу і дзяржаўным органам можна было весці свае базы дадзеных па нейкіх правілах, усталяваных дзеля таго, каб абараняць людзей. Але, канечне, у Беларусі трэба агаварыцца, што любое заканадаўства цяпер можа выкарыстоўвацца супраць грамадзянскай супольнасці і журналістаў», – кажа эксперт з ініцыятывы «Human Constanta» Аляксей Казлюк.

Цяпер закон «Аб сродках масавай інфармацыі» надае статус журналіста толькі працаўнікам зарэгістраваных медыяў ці замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія маюць акрэдытацыю.

Адпаведна журналістаў-фрылансераў або блогераў за распаўсюд персанальных звестак могуць прыцягнуць да адказнасці – зазначаюць эксперты. Абараняць жа дзяржава будзе выключна чыноўнікаў.

«Нашая дзяржава ніяк не абараняе, напрыклад, ахвяр катаванняў, не абараняе тых, хто быў забіты падчас пратэстаў. І хутчэй за ўсё будзе адбывацца з персанальнымі звесткамі тое ж самае. Будуць абараняцца толькі інтарэсы тых, каго дзяржава будзе лічыць, умоўна кажучы, дастойнымі такой абароны», – гаворыць Алег Агееў.

Асноўныя палажэнні закону «Аб абароне персанальных дадзеных» набудуць моц у лістападзе. Органу, што будзе рэгуляваць ужыванне гэтага закону, пакуль не стварылі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»