Высылаюць з краіны


Праваабаронцу Таццяну Гацура-Яворскую ўлады вінавацілі ў «фінансаванні беспарадкаў». Сёння з адкрытым лістом у падтрыманне Таццяны, якая шмат гадоў была арганізатаркаю міжнароднага фестывалю кіно аб правах чалавека WATCH DOCS, выступіла Еўрапейская кінаакадэмія:

«Мы заклікаем урад Беларусі паважаць права Таццяны Гацуры-Яворскай на свабоду слова і асабістую свабоду. Гацура-Яворская зрабіла вялікі ўнёсак у беларускую культуру і прасоўванне фундаментальных каштоўнасцяў, якія цалкам падзяляе нашая глабальная кінематаграфічная супольнасць, часткаю якой ёсць WATCH DOCS Belarus».

Сёння ж выявілася, што ўлады высылаюць з краіны мужа Таццяны, грамадзяніна Украіны Уладзіміра Яворскага, ды забараняюць яму ўязджаць у Беларусь 10 гадоў.

У сям’і Таццяны і Уладзіміра чацвёра дзяцей. Малодшаму ў траўні споўніцца восем.

А вось жыхар вёскі Салейкі Жабінкоўскага раёну Дзяніс Вятошкін мусіць пакінуць Беларусь да 30 красавіка. Прычынаю – пратакол за несанкцыянаваную масавую акцыю. Гэтак мясцовыя міліцыянты кваліфікавалі фотаздымак, які Дзяніс разам з сябрамі зрабіў побач з навагодняю ялінкаю ў Жабінцы.

Дзяніс – грамадзянін Расеі, але ўжо больш за 20 гадоў жыве ў нашай краіне.

Жонка Дзяніса лічыць такія дзеянні ўладаў помстай сямʼі за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

«Я разумею, чаму гэта адбываецца. Яны намерыліся мяне пакараць. Але за што мяне караць? За тое, што бачу праўду? За тое, што бачу, як нас падманваюць? Я не патрабую нічога звыш. Як звычайны чалавек, звычайная грамадзянка, звычайная слабая жанчына… Не ведаю, як будзем жыць. Будзем звязвацца праз скайп», – кажа Ксенія Вятошкіна.

Палітычна матываваныя дэпартацыі – сталая практыка ўладаў Беларусі. Сярод апошніх – спроба ў 2018 годзе выслаць з краіны грамадскую актывістку Ганну Красуліну – цытата: «у інтарэсах грамадскага парадку».

«У іх абсалютна не ўключаецца галава. Ніякай эмпатыі яны не маюць. Ніякіх адчуванняў: а можа, гэта не вельмі чалавечна? Гэта рознага парадку рэчы. Ім проста трэба здушыць пратэст, не думаючы, што яны робяць, ні перад людзьмі, ні перад Богам», – распавядае Ганна Красуліна.

Згодна з заканадаўствам максімальны тэрмін забароны на ўезд у Беларусь складае 10 гадоў. Пастанову аб дэпартацыі можна абскардзіць, але гэта не спыняе высылання з краіны.

Алесь Баразенка, «Белсат»