Трэці суд за карагод: « суддзя нервуецца, а ахова дык проста баіцца»

Чарговы суд за танцы і спевы. У судзе Маскоўскага раёну Берасця Іна Клышпач судзіць яшчэ 14 з сямі дзясяткаў асобаў, што праходзяць у карагоднай справе.

«Суддзя сапраўды нервуецца, а ахова дык проста баіцца. Суддзя – так, бо перад ёй цяпер адказнасць выносіць пастанову ў тых пытаннях, якіх раней не ўздымалі, пра атрыманне прынамсі нашых правоў як абвінавачваных у справе», – кажа адна з фігурантак справы Валянціна Жукоўская.

Прычына неспакою суддзі – паводзіны трэцяй групы абвінавачваных, якія аб’ядналіся ў каманду, тлумачыць бадай што самая вядомая абвінавачваная, – 63-гадовая пенсіянерка Алена Гнаўк:

«Мы дамовіліся, што, калі суддзя зойдзе і скажа «прашу садзіцца», мы ўсе стаім. Канечне, гэта выклікала нейкі ступар у суддзі. І тут я сказала сваю заяву, што мы адмаўляемся ад вядзення працэсу, пакуль у залу не будуць дапушчаныя людзі, якія знаходзяцца за дзвярыма, а таксама журналісты».

У выніку ў залу прапусцілі журналістаў БелаПАНу і частку з тых, хто прыйшоў падтрымаць падсудных. Наступнае паседжанне ў справе адбудзецца заўтра. У мінулых двух працэсах карагоднай справы пакаралі ўжо 18 чалавек.

Працягваюцца суды і ў Менску. Двума гадамі «хіміі» за абразу прадстаўніка ўладаў пакаралі капірайтарку Аляўціну Корчык. Прысуд у Маскоўскім судзе сталіцы вынесла Лідзія Цяліца – за тое, што ў тэлеграм-чаце дзяўчына пакінула зневажальны каментар са згадваннем Лідзіі Ярмошынай. Са словаў абвінавачванай, віну яна прызнала пад ціскам.

Пра моцны псіхалагічны ціск падчас працэсу кажа сын яшчэ аднаго абвінавачванага, Уладзіміра Жыхара. Справу ў судзе Савецкага раёну пачаў разглядаць Аляксандр Якунчыхін. Руслан Жыхар лічыць, што на бацьку ціснуць праз тое, што раней ён меў судзімасць:

«Гэта паказальная справа для «галачкі», каб паказаць, што ў мітынгу нібыта ўдзельнічаюць асобы, якія раней былі пад судом, якія забіраюць пісталеты, з дубінкамі, з палкамі. Нічога гэтага ў яго не было».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», Уладзіміра Жыхара вінавацяць адразу паводле трох крымінальных артыкулаў. Паводле абвінавачвання, ён нібыта выхапіў траўматычны пісталет у працаўніка міліцыі падчас маршу герояў 13 верасня. Пацярпелымі ў справе выступаюць ажно 8 сілавікоў.

Тры гады калоніі атрымаў іншы ўдзельнік гэтага маршу Іван Цагалка, які ўдарыў міліцэйскае аўта падчас акцыі ў Драздах.

У судзе Маскоўскага раёну працягваюць разглядаць крымінальную справу ў дачыненні валанцёраў штабу Віктара Бабарыкі.

Абвінавачваныя – палітвязні Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька. Вінавацяць іх у рыхтаванні ды фінансаванні масавых беспарадкаў.

У гэтым жа судзе Маскоўскага раёну пачалі разглядаць крымінальную справу супраць 30-гадовага палітзняволенага Аляксея Санчука.

Мужчыну затрымалі разам з групай барабаншчыкаў, якія сталіся адным з сімвалаў пратэставых маршаў. Справу разглядае суддзя Таццяна Пірожнікава.

Агулам жа, паводле прэс-службы Генпракуратуры, колькасць крымінальных справаў палітычнага характару перавысіла тры тысячы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама