Беларускі аэрадром як мішэнь для ракетаў


Расейскія вайсковыя аб’екты і падраздзяленні на тэрыторыі Беларусі аўтаматычна стануць патэнцыйнымі цэлямі для атакі ў выпадку абвастрэння ваеннага канфлікту між Расеяй і Украінай. Так намеснік старшыні камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Вярхоўнай Рады Украіны пракаментаваў «Белсату» будучае прыбыццё расейскай ваеннай авіяцыі на беларускі аэрадром ужо гэтым летам, для сумеснага баявога чаргавання.

Баявое чаргаванне паветранай абароны сумесна беларускімі і расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай пачнецца гэтым летам на адным з беларускіх аэрадромаў. Як заявіў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і Паветранай абаронай Беларусі Ігар Голуб, расейскія Ваенна-касмічныя сілы прыбудуць адпаведна плану, падпісанаму напрыканцы мінулага года міністрамі абароны. Але падрабязнасцяў не паведаміў.

«Найбольш верагодна прыбыццё самалётаў. Калі ўлічыць, што раней Міністэрства абароны казала пра падрыхтоўку ў межах навучальна-баявога цэнтру расейскімі вайскоўцамі беларускіх экіпажаў самалётаў Су-30, то верагодна, што яны і прыбудуць на палігон Баранавічы», – тлумачыць ваенна-палітычны аглядальнік Ягор Лебядок.

Але, як падкрэслівае эксперт, гаворка можа ісці і пра зенітна-ракетныя комплексы, якія з Баранавічаў дабіваюць да Львова, Варшавы і ўсёй тэрыторыі Літвы, і пра радарныя сістэмы.

Сумеснае патруляванне паветранай прасторы адбывалася і раней. Пытанне ў тым, як канкрэтна будуць выконваць раней падпісаныя пагадненні, кажа Ігар Тышкевіч.

«Сумесная групоўка войскаў паветранай абароны перадбачае сумесныя штабы і сумеснае прыняцце рашэнняў. Менавіта Беларусь сабатавала стварэнне такіх структураў. У мірны час поўнае кіраванне над беларускай паветранай прасторай будзе ў Беларусі. А ў ваенны час – гэта пытанне ўжо нормаў, закладзеных у дамову пра АДКБ і дамовы пра сумесную абарону паветранай прасторы і сумесную групоўку войскаў», – падкрэслівае эксперт Украінскага інстытуту будучыні.

Але ваенны час не такі і немагчымы. Расея сцягнула да ўкраінскіх межаў найбольшую групоўку сухапутных войскаў і флоту за апошнія 7 гадоў. Украіна пры падтрымцы Захаду рыхтуецца да абароны. Хаця беларускія аэрадромы Кіеў пакуль што не разглядае, як непасрэдную пагрозу.

«Прысутнасць якіх-кольвек вайсковых падраздзяленняў на тэрыторыі дзяржавы, нават і авіяцыйных, заўжды аўтаматычна адносіць дзяржаву да спісу і абʼектаў пільнай увагі, і, у выпадку абвастрэння вайсковага канфлікту, да абʼектаў удару. І адказнасць за гэта кладзецца на тых, хто дапускае гэтую прысутнасць або афармляе яе адпаведнымі міжнароднымі дамовамі», – заявіў «Белсату» Міхаіл Забродскі, першы намеснік старшыні Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Вярхоўнай Рады Украіны.

Як абараняць сваё неба – гэта асабістая справа кожнай суверэннай дзяржавы, кажа першы намеснік старшыні камітэту ў пытаннях абароны Вярхоўнай Рады. Але варта ўлічваць палітычныя моманты.

«На жаль, у нас ёсць горкі досвед Крыму, і мы памятаем, як расейская вайсковая база згодна з пэўнымі планамі можа ператварыцца ў плацдарм пашырэння ваеннай агрэсіі ў тым ліку», – прыгадвае Міхаіл Забродскі.

Расея настойвала на стварэнні сваёй авіябазы на беларускай зямлі. Беларусь выгандлявала стварэнне толькі навучальна-баявога цэнтру для сваіх вайсковых лётчыкаў.

«Нібыта і не база, але трэба пайсці на саступкі Пуціну, таму пайшлі на такі крок. Прызначэнне – падвышэнне абароназдольнасці дзяржавы ў галіне проці-паветранай абароны. А палітычнае значэнне – пашырэнне расейскай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі», – кажа Ягор Лебядок.

Украінскі кірунак заўжды быў пэўнай супрацьвагай расейскага палітычнага і эканамічнага ўплыву для Беларусі, падкрэслівае Ігар Тышкевіч:

«Чым горшыя адносіны між Беларуссю і Украінай, тым лепей для Расеі з пункту гледжання ўцягвання Беларусі ў сваю арбіту».

Як заявіў «Белсату» прадстаўнік Міхаіл Забродскі, для Масквы пашырэнне вайсковай прысутнасці гэта яшчэ і спосаб зрабіць Беларусь полем бою і буфернай дзяржавай у выпадку поўнамаштабнай вайны з краінамі Захаду.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».