«Я проста выпадкова там аказаўся. Асудзілі ні за што і далі 2 гады «хіміі». Хроніка пераследу 15 сакавіка


13 дзён працягвае сухую галадоўку палітзняволены рок-музыка Ігар Банцар. Разам з ім галадае Дзмітрый Фурманаў. Святлана Ціханоўская звярнулася да іх з заклікам спыніць галадоўку, бо яны патрэбныя сваім блізкім і вольнай Беларусі.А Ігар Лосік спыніў галадоўку! Цяпер ён знаходзіцца ў карцары, куды быў адпраўлены на 5 содняў за аб’яву гэтай самай галадоўкі. Сёння ж Ленінскі суд асудзіў яшчэ восем чалавек па так званай «карагоднай справе».

Ад паўтара года «хіміі» да аднаго года і васьмі месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Сёння суддзя Ленінскага раёну Берасця Дзмітрый Шурын абвесціў выракі яшчэ васьмі падсудным у гэтак званай карагоднай справе. Незалежных журналістаў у зал паседжанняў не дапусцілі.

13 верасня асуджаныя танчылі ў карагодзе на скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвараў Касманаўтаў ды Шаўчэнкі ў Берасці. У лютым за карагод асудзілі дзевяць чалавек, сярод іх трох непаўналетніх. Агулам колькасць абвінавачаных у «карагоднай справе» дасягае паўсотні.

«Вырак надта перадузяты ў адносінах не толькі мяне, але і людзей, якіх разам са мной судзілі. Лічу, што гэта быў указ зверху, хутчэй за ўсё», – упэўнены асуджаны Зміцер Качурка.

«Я проста выпадкова там аказаўся і трапіў. Асудзілі мяне ні за што і далі 2 гады «хіміі», – кажа асуджаны Віталь Брух.

13-ы дзень трымае сухую галадоўку гарадзенскі рок-музыка Ігар Банцэр, якога затрымалі ў кастрычніку за перформанс і ўтрымліваюць у адзіночнай камеры гарадзенскай турмы. Музыка абвесціў сухое галадаванне на знак пратэсту супраць палітычнага пераследу. Працягвае галадаць і палітвязень Дзмітрый Фурманаў.

Напярэдадні з заклікам спыніць галадаванне да іх звярнулася Святлана Ціханоўская:

«Як чалавек, маці і жонка я прашу вас спыніць галадоўку. Вы патрэбныя вашым блізкім, бацькам і дзецям. Вы патрэбныя Беларусі. Але як палітык я раблю ўсё, каб вызваліць вас і сотні беларусаў, якія без віны запёртыя ў суседніх з вамі камерах».

Затрыманаму ў пятніцу журналісту Дзянісу Івашыну выставілі абвінавачанне паводле артыкулу 365 Крымінальнага кодэксу – умяшанне ў дзейнасць працаўнікоў органаў унутраных справаў. Журналіста, які даследаваў працу сілавікоў, пакінулі пад вартаю на два месяцы. Сёння работнікі КДБ правялі ператрус у кватэры ягонай 95-гадовай хворай бабулі.

А ў Менску і рэгіёнах прайшлі суды над затрыманымі падчас святкавання масленіцы. Пятнаццаццю соднямі арышту суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў ілюстратарку Лізу Ганчарову і ейнага бацьку. У судзе дзяўчына паведаміла, што падчас затрымання сілавікі душылі яе і кідалі на зямлю.

«І вядома, да такіх дзяўчын проста страшна, калі ўжываюць такое затрыманне, па-другое такую меру пакарання. У мяне сёння і мужа асудзілі на 15 содняў. Але за яго я спакойная, бо гэта дарослы чалавек, мужчына моцны, а як дзяўчына перанясе гэтыя ўмовы?» – непакоіцца маці Кацярына Ганчарова.

Паводле праваабаронцаў, на выходных у Менску, Магілёве і Крэве сілавікі затрымалі 17 чалавек.

Ігар Станкевіч, «Белсат»