Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў. Ці гатовыя беларусы бараніць уласныя правы?

Сёння – сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў. Як выглядае сітуацыя з якасцю тавараў і паслуг у Беларусі і ці гатовыя нашыя суайчыннікі адстойваць уласныя правы?

Няроўная столь і сцены з дзіркамі. Яўген Сарока – адзін з тых беларусаў, хто асабіста сутыкнуўся з нізкаю якасцю паслуг. Падчас будаўніцтва прыватнага дому менчуку давялося змяніць ажно пяць брыгадаў будаўнікоў.

«Кожны будаўнік прыходзіць і пачынае сваю песню: «Ой, а хто гэта вам такое нарабіў?» Падаецца, добры будаўнік, калі бачыць касякі іншых, але па выніку ён нават таго, што рабілі іншыя, не выпраўляе і робіць яшчэ горш», – кажа Яўген.

Нізкая якасць паслуг будаўніцтва і рамонту памяшканняў – частая прычына зваротаў у арганізацыі, што займаюцца абаронаю спажывецкіх правоў. Аднак лідарам у антырэйтынгу застаецца сфера гандлю, сцвярджаюць адмыслоўцы.

«Стыкеры пераклейваюць самавольна гандляры, ці продаж пратэрмінаваных харчоў, ці адмова даць кнігу скаргаў і заўваг – гэта асноўныя моманты. На тэлефон гарачай лініі штодня паступае каля 10–12 такіх скаргаў», – распавядае старшыня грамадскага аб’яднання «Абарона спажыўцоў» Ірына Канапліцкая.

Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў заснаваны Арганізацыяй Абʼяднаных Нацыяў у 1983 годзе. Дата 15 сакавіка прымеркавана да гадавіны выступу амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі, у якім той сфармуляваў асноўныя правы для спажыўцоў: права на інфармацыю, права на бяспеку, права на выбар ды права быць пачутым.

Але ці гатовыя беларусы адстойваць свае, хоць бы спажывецкія правы? Запыталіся жыхароў Менску:

«Канечне, у нашай дарагой ахове здароўя. Вядома ж, у крамах таксама. Мы толькі і жывем тым, што вымушаныя, вымушаныя абараняць свае правы, з цяжкасцямі».

«Я ўвогуле неканфліктны чалавек, таму звычайна ўсё спускаю на тармазах».

«Што тычыцца дзяржструктураў, то проста стараюся з імі не мець стасункаў, а з прыватнікамі канфліктных сітуацый не здаралася».

«Неяк атрымліваецца. Я яшчэ з такім характарам, таму часам крыкам, часам нахабнасцю».

З цягам часу «кодэкс спажыўца» быў дапоўнены яшчэ шэрагам пунктаў, сярод якіх – права спажыўца на здаровае навакольнае асяроддзе. І сёлетні Дзень абароны правоў спажыўцоў прысвечаны тэме барацьбы з забруджваннем пластыкавымі матэрыяламі – праблеме востра актуальнай і для нашае краіны.

«Вельмі важны пасыл – гэта замяняць аднаразовыя тавары, аднаразовыя рэчы. Калі мы паглядзім на досвед Еўрапейскага Звязу, то там была прынятая «пластыкавая дырэктыва, і яны вызначылі для сябе спіс тавараў, ад якіх важна пазбаўляцца: пакецікі, палачкі для размешвання – тое, што нельга перапрацаваць», – кажа прадстаўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў.

Калі вы лічыце, што вашыя правы парушаныя, адмыслоўцы раяць у першую чаргу патрабаваць кнігу скаргаў, а пры яе адсутнасці накіраваць сваю прэтэнзію заказным лістом ды звярнуцца ў грамадскія арганізацыі, што займаюцца абаронаю правоў спажыўцоў.

Алесь Баразенка, «Белсат»

Глядзі таксама