15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Якім будзе Асноўны Закон дэмакратычнай Беларусі?


15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: у 1994-ым годзе дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га склікання прынялі першы Асноўны Закон незалежнай Беларусі. Ужо праз два гады Канстытуцыю змянілі праз рэферэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам. Цяпер улады рыхтуюць чарговыя змены ў Асноўны Закон. Да 27-ых угодкаў Канстытуцыі новы праект для дэмакратычнай Беларусі падрыхтавала адмысловая група ў супрацы з Каардынацыйнаю радаю Святланы Ціханоўскай.

Першая дэмакратычная Канстытуцыя, прынятая 15 сакавіка 1994-га, за час прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі змянялася двойчы: праз рэферэндум 1996-га і 2004-га гадоў. Неабмежаваны тэрмін прэзідэнцтва і маштабныя паўнамоцтвы, змена дзяржаўнай сімволікі і замацаванне смяротнага пакарання – толькі некаторыя з тых зменаў. Але ўлады не выконваюць нават уласна адрэдагаванага Асноўнага Закону: падзеі выбарчай кампаніі 2020 года называюць прававым дэфолтам у Беларусі.

«Цяперашняя Канстытуцыя ў рэдакцыі 1996 і 2004 гадоў не ёсць дэмакратычнай. Бо не захоўваецца першынство закону, прэзідэнт можа выдаваць дэкрэты, якія адмяняюць законы, не абумоўленыя і не выконваюцца правы чалавека. Таму цяперашні варыянт не адпавядае дэмакратычным патрабаванням. І больш за тое, нават у такім варыянце яна не выконваецца: паўсюдна парушаюцца правы чалавека і ўзурпацыя ўлады», – кажа юрыстка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова.

Цяпер улады рыхтуюць чарговыя змены ў Канстытуцыю: Аляксандр Лукашэнка не аднойчы заяўляў, што цяперашнюю рэдакцыю ён нікому не пакіне. Новы праект Канстытуцыі можа быць зацверджаная ўжо ў канцы года, аднак і дасюль шырокай грамадскасці сутнасць зменаў невядомая. Але дасведчаныя палітыкі перакананыя, што спадзявацца на лепшае грамадству не выпадае.

«Відавочна, што для іх канстытуцыйная рэформа – гэта не змяненне сістэмы, якую яны стваралі 27 гадоў. А гэтая сістэма на выхадзе мае прыхватызацыю ўсіх структур і галін улады, усёй уласнасці і маёмасці, бюджэту – фактычна ўсёй краіны. Для іх канстытуцыйная рэформа – гэта магчымасць пацягнуць час, каб прайшлі яшчэ пяць гадоў кадэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, а за гэты час могуць узнікнуць яшчэ нейкія сітуацыі і абставіны. Галоўная мэта – утрымаць уладу», – кажа прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у распрацоўцы Канстытуцыі Анатоль Лябедзька.

Адмыслоўцы ў галіне канстытуцыйнага права два гады таму згуртаваліся для распрацоўвання новага праекту Асноўнага Закону на базе першай дэмакратычнай Канстытуцыі 1994-га года. Да 27-ых угодкаў яе прыняцця, у супрацы з Каардынацыйнаю радаю Святланы Ціханоўскай, працоўная група падрыхтавала Канстытуцыю для дэмакратычнай Беларусі. Канцэптуальна праект прапаноўвае парламенцкую рэспубліку, права народу на супраціў, забарону смяротнага пакарання, змену дзяржаўнай сімволікі.

«Час ад часу нас вінавацяць: маўляў, цяпер не да таго, трэба вырашаць пытанні, якія паставіла Святлана Ціханоўская. Але мы павінны быць гатовыя: не тады сабак карміць, як на паляванне ісці. Пры змене ўлады давядзецца вырашаць шмат першасных задач, і Канстытуцыя – сярод іх», – кажа сябра працоўнай групы ў распрацоўцы Канстытуцыі Леў Марголін.

Пазнаёміцца з праектам абноўленай Канстытуцыі і ўнесці свае прапановы распрацоўнікі даюць магчымасць усім грамадзянам і зацікаўленым структурам: праект Асноўнага Закону размешчаны на адмысловым інтэрнэт-партале і сацыяльных сетках для грамадскага абмеркавання.

Галіна Абакунчык, «Белсат»