У варшаўскай пракуратуры пачалося расследаванне прычынаў міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі


Ад трох месяцаў да 25-ці гадоў альбо нават пажыццёвае зняволенне могуць атрымаць беларускія чыноўнікі, датычныя да дастаўкі мігрантаў на межы Еўразвязу. Калі расследаванне польскай пракуратуры давядзе іхную датычнасць да трафіку людзей па беларускай тэрыторыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тут, у раённай пракуратуры Варшавы, пачалося расследаванне, якое можа даказаць, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі быў арганізаваны. Польская пракуратура завяла крымінальную справу – у тым ліку ў дачыненні беларускіх службовых асобаў – за арганізацыю нелегальнай міграцыі. У аснову справы пакладзеныя паказанні грамадзянаў Сірыі, якіх затрымалі на мяжы ў верасні мінулага года.

«Human Rights Watch» апублікаваў даклад, у якім падрабязна апісаны шлях мігрантаў да беларускай мяжы. З аповедаў апытаных, турфірмы на Блізкім Усходзе праз сацсеткі рэкламавалі пакетныя туры ў Менск. У кошт пакету ўваходзіла віза, абавязковае страхаванне, трансфер да мяжы Беларусі. Цана вагалася ад 3-ох да 17-ці тысяч долараў ЗША. Тых, хто набываў гэткія пакетныя туры, сустракалі ў лётнішчы Менску агенты з аўтобусамі, развозілі людзей па гатэлях, дзе яны чакалі трансферу на мяжу. Кіроўца высаджваў пасажыраў у вызначаным месцы, ім давалі GPS-каардынаты пунктаў на мяжы, куды ім трэба было выйсці. Там іх сустракалі беларускія памежнікі, самыя пераціналі калючы дрот ці паказвалі гатовы праход на польскую тэрыторыю.

«Яны [турагенты] увесь час цвердзілі, што ўсё будзе добра. Нас выкарыстоўвалі як сухое галлё для вогнішча, а мы апошняе прадавалі ў спадзеве на лепшае жыццё. Цяпер і вяртацца няма куды», цытуюць аўтары дакладу 40-гадовую курдку Авіру з Сірыі.

Гэткі прывабны шлях прыцягнуў на мяжу Беларусі з Еўразвязам некалькі тысячаў чалавек. Аднак простага пераходу не атрымалася. У выніку ў дакладзе «Human Rights Watch» згадваюцца прынамсі 13 загінулых, некалькі польскіх жаўнераў атрымалі раненні.

«У межах гэтай справы можна падкрэсліць тры галоўныя пытанні, якія мы аналізуем. Па-першае, агрэсіўныя дзеянні, скіраваныя ў бок Польшчы ды яе суверэннасці. Па-другое, прааналізуем дзейнасць міжнароднай злачыннай групоўкі, у якую сярод іншага ўваходзілі прадстаўнікі беларускіх службаў. Яны спрыялі працэсу нелегальнай міграцыі на тэрыторыю Польшчы і здзяйснялі сваю дзейнасць у тым ліку дзеля ўзбагачэння. Акрамя таго, яны знішчалі ўласнасць Польшчы – агароджу на мяжы. Таксама мы будзем аналізаваць удзел публічных асобаў Беларусі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Еўразвязу», – тлумачыць прэс-сакратар Варшаўскай акруговай пракуратуры Лукаш Лапчыньскі.

Калі цягам следства будзе даведзена, што беларускія чыноўнікі датычныя да арганізацыі нелегальнай міграцыі, ім пагражае ад трох месяцаў да пажыццёвага зняволення – у залежнасці ад артыкулу і ступені ўдзелу ў злачынстве. Але ці будуць рэальныя наступствы для чыноўнікаў з іншае дзяржавы?

«Безумоўна, міжнародныя механізмы ёсць. Па-першае, гэта ўсім вядомае – вышук у Інтэрпол. Для гэтага ўжо ёсць падставы: у паведамленні польскай пракуратуры сказана, што ёсць канкрэтныя падазраваныя, і тое, што іх прозвішчы не ўказаныя, магчыма, якраз дзеля таго, каб гэтыя асобы не мянялі планаў сваіх паездак», – кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

Г’юман-трафік, альбо арганізацыя нелегальнай міграцыі – гэта міжнароднае злачынства, і Польшча мае права ды нават абавязаная гэтае злачынства расследаваць і пакараць вінаватых. Крымінальная справа заведзеная, а гэта азначае, што ўсялякія доказы датычнасці беларускіх чыноўнікаў да стварэння міграцыйнага крызісу на мяжы будуць узятыя пад увагу.

Ніка Несцярэнка, Валера Руселік, «Белсат»