Міністэрства абароны паведаміла пра частковы адвод войскаў ад Украіны


Будзе мір ці ўсё ж вайна? Гэты дзень прайшоў пад такім знакам пытання, бо расейскае Міністэрства абароны паведаміла пра частковы адвод войскаў ад Украіны. Менавіта – прагучала заява пра пагрузку і транспартаванне тых падраздзяленняў, якія выканалі свае задачы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі працягваюцца вучэнні «Саюзная рашучасць» з удзелам беспрэцэдэнтна вялікай групоўкі расейскіх войскаў. Сёння ў Гомельскай вобласці войскі адпрацоўвалі знішчэнне незаконных узброеных фармаванняў аператыўна-тактычнымі ракетнымі комплексамі «Точка».

Ракетныя пускі адбываліся і ў анексаваным Крыме. Маштабныя вучэнні Расея працягвае і ў моры. Але адначасова расейскае Мінабароны заяўляе, што частка войскаў, якія выканалі свае задачы, вяртаюцца дадому.

«Падраздзяленні Паўднёвай і Заходняй вайсковых акругаў, якія выканалі задачы, ужо распачалі пагрузку на чыгуначны і аўтамабільны транспарт і сёння пачнуць рух у свае вайсковыя гарнізоны. Асобныя падраздзяленні здзейсняць маршы сваім ходам у складзе вайсковых калонаў».

Гаворка толькі пра падраздзяленні Паўднёвай і Заходняй вайсковых акругаў, але вядома, што Расея сцягнула да Украіны і сілы з Усходняй вайсковай акругі.

Афіцыйны Кіеў кажа, што паверыць у заявы Масквы, толькі калі на справе пабачыць адвядзенне войскаў ад украінскіх межаў.

«Нам насамрэч удалося разам з партнёрамі стрымаць Расею ад якога-кольвек далейшага абвастрэння. Сёння ўжо сярэдзіна лютага, і вы бачыце, што дыпламатыя працягвае працаваць», – заявіў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба.

Расея сабрала побач з Украінай больш чым 100-тысячную групоўку. Падобных пагрозаў не было з часоў Халоднай вайны, нагадвае генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг:

«У Маскве ёсць прыкметы таго, што дыпламатыя працуе. Гэта дае падставу для асцярожнага аптымізму, але пакуль мы не пабачылі ніякіх прыкметаў дээскалацыі на месцы падзеяў».

Як паказваюць здымкі са спадарожніка, на тэрыторыі Беларусі, у Крыме і на памежных з Украінай тэрыторыях Расея толькі нарошчвае сваю вайсковую прысутнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

«Дээскалацыя дакладна азначае перамяшчэнне гэтых войскаў далёка ад Украіны. Мы пабачылі, як 30 тысячаў расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў Беларусь. Вядома, нам трэба пабачыць значна большае адвядзенне сілаў, каб казаць пра дээскалацыю. Але мне пакуль няма чым падзяліцца ў гэтым пытанні», – падкрэслівае Джульен Сміт, амбасадарка ЗША ў NATO.

Грамадзяне Беларусі таксама дасылаюць «Белсату» і іншым медыям фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі, якая перамяшчаецца не ў Расею, а з Расеі глыбей у Беларусь.

Напярэдадні Дзяржаўны дэпартамент ЗША заклікаў амерыканцаў пазбягаць Беларусі ці тэрмінова выехаць ад нас:

«Не ўязджайце ў Беларусь – з прычыны свавольнага ўжывання законаў, рызыкі затрымання, незвычайнага і трывожнага нарошчвання расейскіх вайсковых сілаў уздоўж беларускай мяжы з Украінай, COVID-19 і звязаных з каронавірусам абмежаванняў на ўезд. Грамадзяне ЗША, якія цяпер у Беларусі, мусяць тэрмінова яе пакінуць».

Украінцы таксама не спяшаюцца верыць заявам расейскага генерал-маёра.

Вось што кажуць жыхары і госці Кіева:

«Абяцаць – яшчэ не значыць жаніцца. З боку краіны-агрэсара ўжо неаднаразова былі парушэнні дамоўленасцяў».

«Я хачу, каб Украіну абаранілі ад Пуціна. Як можна было дапусціць, каб сёння, у 21-м стагоддзі, мы былі пад пагрозай ад Расеі?»

«У Тэрытарыяльную абарону Кіева я хачу запісацца, каб абараніць сваякоў, дзяцей, унукаў. Я мяркую, што перамога будзе за намі».

У Расеі адказнасць за напружанне ўскладваюць на блок NATO і Кіеў.

Вось што кажуць жыхары і госці Масквы:

«Там нацысты. І яны кіруюць краінай па ўказанню ЗША».

«Амерыканцам трэба Украіна, трэба ўкраінскі чарназём».

«Узяць яе ў палон і потым карміць? Навошта?»

«Калі б мы хацелі, мы бы ўсё адваявалі».

Расея сцягнула войскі да ўкраінскіх межаў адначасова з патрабаваннямі да ЗША і блоку NATO даць пісьмовыя гарантыі, што Украіну ў блок не прымуць, а Паўночна-атлантычны альянс фактычна падзеліцца на старых і новых чальцоў. Сёння Уладзімір Пуцін пасля перамоваў з канцлерам Нямеччыны заявіў, што а задаволены адказамі ЗША і NATO.

«Як Расея будзе дзейнічаць далей? Паводле плану. З чаго ён будзе складвацца? З рэальнай абстаноўкі на месцах. А хто ведае, як будзе складвацца гэтая абстаноўка? Пакуль ніхто», – пагражаў Пуцін.

Сёння ж дэпутаты Дзярждумы прынялі пастанову аб звароце да Пуціна з просьбай прызнаць самаабвешчаныя рэспублікі ДНР і ЛНР, як незалежныя дзяржавы. За пастанову галасавалі нават тыя дэпутаты, якіх не было ў залі з прычыны каронавіруса.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».